Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы,
дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану і ўсе людзі добрай волі!
Час Вялікага Посту неад’емна звязаны з практыкай падтрымкі і дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Заўважыць тых, хто найменшы, хто не дае сабе рады ці згубіўся ў жыцці, ёсць не чым іншым, як выкананнем Хрыстовага напаміну: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Гэта і ёсць усталяваннем Божага Владарства на нашай зямлі. А яно, як вядома, усталёўваецца праз учынкі міласэрнасці, насуперак гвалту і жорсткасці гэтага свету. Як адзначыў Святы Айцец Папа Францішак падчас адной з аўдыенцый на пачатку Вялікага посту: «Стыль Бога — гэта паступовае пашырэнне і лагоднасць».
Выконваць справы міласэрнасці было заўсёды адной з асноўных місій Касцёла.
Кожная эпоха несла з сабой «пабочныя эфекты» ў выглядзе абяздоленасці, войнаў, эпідэмій і іншых катаклізмаў, ад якіх чалавек шукаў паратунку і патрабаваў падтрымкі і дапамогі. Не з’яўляецца выключэннем і наш час. І гэта толькі яшчэ раз пацвярджае словы Езуса аб тым, што «ўбогіх заўсёды маем пры сабе» (пар. Ян 12, 8). Таму заўсёды застаецца актуальнай справа дабрачыннасці, праз якую мы адначасова адкрываем для сябе прысутнасць Хрыста ў церпячым, патрабуючым чалавеку.
Гэта сведчанне жыццёвай моцы Касцёла і аўтэнтычнасці Божага Валадарства, якое Ён абвяшчае. Карыстаючыся нагодаю нацыянальнага Дня Caritas, жадаем выказаць шчырую ўдзячнасць дабрачынным структурам, вернікам, духоўным асобам, неабыякавым людзям, людзям добрай волі: усім тым, хто сваёй малітвай, матэрыяльнай і духоўнай падрымкай і ахвярнасцю прычыняецца да справы міласэрнасці ў Касцёле і такім чынам будуе згоду, адзінства і лад у нашым грамадстве, пашыраючы справу евангелізацыі і ўмацоўваючы тое, што называецца Божым Валадарствам.
Няхай Божае благаслаўленне і апека Найсвяцейшай Багародзіцы — нябеснай Апякункі Беларусі — памнажаюць плён вашых добрых учынкаў. Няхай шчырая ўдзячнасць тысяч і тысяч людзей, якія атрымалі дапамогу дзякуючы ахвярнасці і адкрытасці вашых сэрцаў, павялічаная міласэрнай любоў’ю Божага Сына, прынясе вам узнагароду і дар вечнага жыцця ў супольнасці збаўленых у Небе!
З пажаданнем плённага духоўнага перажывання дня Caritas і Вялікага посту, ад усяго сэрца благаслаўляем,
Каталіцкія Біскупы Беларусі
P.S. Гэты Зварот неабходна прачытаць у межах аб’яваў падчас кожнай святой Імшы ў ІІІ нядзелю Вялікага посту 12 сакавіка 2023 г.