Пошук

07.03.2023 12:50   Паводле: Samaranin.by / Catholic.by

5 сакавіка ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адбылася сустрэча з аўтарамі і складальнікамі кнігі «Мяне заўсёды ратавала вера…»: арцыбіскупам эмэрытам Тадэвушам Кандрусевічам, Алінай Новікавай і Крыстынай Лялько.

Як паведамляецца на сайце Місіі Добрага Самараніна Samaranin.by, кніга «Мяне заўсёды ратавала вера…» — гэта зборнік успамінаў пра незвычайную асобу першага ў гісторыі Каталіцкага Касцёла сучаснай Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка. Гэта кніга-сведчанне тых, хто добра ведаў кардынала, хто з ім працаваў, хто меў шчасце з ім кантактаваць і быць сведкам яго жывой непахіснай веры, яго адданасці Хрысту і Касцёлу.

Сустрэча была прымеркавана да ўспаміну нябеснага апекуна кардынала Свёнтка — святога Казіміра, які Каталіцкі Касцёл адзначае 4 сакавіка. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які напісаў уступнае слова да кнігі, падзяліўся на прэзентацыі сваімі ўспамінамі. Заслужаны іерарх, які ўдзяліў ксяндзу Казіміру Свёнтку біскупскае пасвяэнне, а пазней стаў яго пераемнікам на Мінска-Магілёўскай катэдры, між іншым сказаў:

«Кардынал Казімір Свёнтэк заўсёды выказваў свой клопат пра тое, якім Касцёл будзе заўтра. Ён жыў не толькі сённяшнім днём, а таксама будучым Касцёла, і гэта было вельмі важна», — падкрэсліў арцыпастыр. Ён таксама ўзгадаў сваё супрацоўніцтва з Казімірам Свёнткам.

«Калі я стаў біскупам, мы цесна супрацоўнічалі. У 1991 годзе трэба было наладжваць іерархічныя структуры. Першы Апостальскі нунцый арцыбіскуп Франчэско Каласуона патэлефанаваў мне з Масквы і папрасіў паведаміць ксяндзу прэлату Казіміру Свёнтку, што Папа Ян Павел II прызначае яго Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Мітрапалітам і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Але я ніяк не мог з ім сустрэцца.

Гэта, нарэшце, адбылося ў Жытоміры на біскупскай кансэкрацыі ксяндза Яна Пурвінскага. Пасля Імшы ў катэдры я сказаў яму пра рашэнне Папы. Ксёндз Свёнтэк адказаў, што яму ўжо ідзе 77-ы год, а ва ўзросце 75-і біскуп павінен прасіць Папу аб вызваленні ад абавязкаў, на што я адказаў, што час можна распачаць лічыць нанава. Свёнтэк папрасіў быць яго кансэкратарам.

Перад арцыбіскупам стаяла складаная заданне: адбудова матэрыяльнага Касцёла, а таксама аднаўленне духоўнага Касцёла», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч і распавёў пра тое, якія прыярытэты меў тады новапрызначаны Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт.

«Казімір Свёнтэк сярод вялікай колькасці заданняў вызначыў два найбольш важных. Першае — вярнуць вернікам і адбудаваць катэдру. Ён жыў гэтым. Падчас візіта да Яна Паўла ІІ у Рым ён прывёз вялікі альбом пра адноўленую катэдру і адчувалася, што для яго гэта было вялікім гонарам і перамогай: у горадзе, дзе пяць дзесяцігоддзяў не было касцёла, была адноўлена катэдра. Другім прыярытэтам было аднаўленне дзейнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску», — падзяліўся арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што важнай справай быў таксама пачатак перакладу літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла на беларускую мову.

«Гэта было патрэбна для Касцёла і адначасова ўзбагачала нашу беларускую культуру. І Свёнтэк гэта разумеў.

Ён адчуваў пульс жыцця Касцёла, праблемы, выклікі часу і імгненна на іх адказваў», — сцвердзіў іерарх і дапоўніў сваё сведчанне словамі падзякі прысутным на сустрэчы Аліне Новікавай і Крыстыне Лялько, якія сталі ахвярнымі паплечніцамі кардынала ў рэалізацыі гэтага задання.

Пасля арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча сваімі ўспамінамі падзялілася Аліна Новікава, шматгадовы дырэктар выдавецтва «Pro Christo», якая пазнаёмілася з Казімірам Свёнткам у 1991 годзе і дзесяцігоддзі працавала поплеч. «У гэтай кнізе пададзены вобраз не толькі святара, а таксама вялікага чалавека. Чытачы кнігі адзначаюць, што чытаюць яе як рэлігійную і адначасова як прыгодніцкую літаратуру», — падзялілася спадарыня Аліна. Яна асабліва адзначыла, што кардынал Свёнтэк меў нястомную энергію, а таксама быў вельмі чулым чалавекам і спачуваў чужой бядзе.

«І цяпер мы адчуваем ягоную падтрымку», — прызналася Аліна Новікава.

Пісьменніца, перакладчыца і галоўны рэдактар часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» Крыстына Лялько прыгадала, што дакладна 12 гадоў таму, 5 сакавіка, яны разам з Алінай Новікавай ездзілі віншаваць Казіміра Свёнтка з імянінамі. «У сам дзень святога Казіміра, 4 сакавіка, да кардынала прыязджала шмат святароў. Наша сустрэча адбывалася на наступны дзень і была больш „камернай“. Ён прыехаў з Любліна са шпіталя і трымаўся вельмі мужна. Цярпенне як быццам амаладзіла яго, ён выглядаў бадзёра. Мы размаўлялі і пілі каву „па-кардынальску“, гэта значыць вельмі моцную», — распавяла спадарыня Крыстына.

«Я памятаю нашую першую сустрэчу і паездку ў Пінск, калі ён нам паказваў сваю бібліятэку. Уражанне пра вельмі багатую бібліятэку засталося на ўсё жыццё. Мы знайшлі агульную мову, размаўляючы пра кнігі. У адну з апошніх нашых сустрэч размова таксама ішла пра кнігі. Кардынал акурат чытаў кнігу пра жыццё святога Францішка. Тады ён сказаў: „Вось хто не змарнаваў час!“

Такім быў і наш кардынал, які ўмеў цаніць час», — сцвердзіла Крыстына Лялько.

Абноўлена 07.03.2023 12:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.