Пошук

06.03.2023 10:07   Тэкст: Жанна Закрэўская / Kascelmery.by / Фота: Жанна Закрэўская

 

«Застацца сабой у адносінах» — пад такой назвай з 3 па 5 сакавіка ў вёсцы Удзела (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) прайшоў чарговы «Weekend (ўік-энд) з Марыяй».

Як паведамляецца на сайце парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах Kascelmery.by, маладыя людзі з розных куточкаў Беларусі сабраліся ў мястэчку Беззаганай каб прысвяціць свой вольны час Маці Божай, супольна памаліцца і абмеркаваць пытанні, якія іх хвалююць.

Як адзначыў духоўны кіраўнік моладзевых сустрэч у Удзеле айцец Віктар Мялешка OFMConv, ініцыятарам гэтых незвычайных ўік-эндаў стала сама моладзь. Першая такая сустрэча пад апекай Марыі ўпершыню прайшла ў кастрычніку 2022 года ў першую пятніцу, суботу і нядзелю месяца. Гэтая акалічнасць натхніла даць сустрэчам назву «Weekend (ўік-энд) з Марыяй».

Кожная такая сустрэча мае сваю тэматыку, якую прапануе сама моладзь. У сустрэчах прымаюць удзел святары, якія дапамагаюць больш глыбока яе раскрыць.

Госцем чарговай сустрэчы на тэму «Застацца сабой у адносінах» стаў ксёндз Яўген Шымановіч. «Як захаваць чысціню сэрца і не паддацца негатыўнаму ўплыву іншых? Як распазнаць сапраўднае каханне, і што рабіць, калі няма ўзаемнасці?» — вось толькі некаторыя пытанні, якія закрануў святар падчас канферэнцый. Актыўны ўдзел маладых людзей у абмеркаванні праблемы сведчыць аб важнасці і актуальнасці выбранай тэмы.

У праграме ўік-энда, акрамя канферэнцый, быў час на рэкрэацыю — адпачынак у залежнасці ад інтарэсаў, а таксама пустыню — час асабістай цішыні. У вольны час маладыя людзі мелі магчымасць паміж сабою абмеркаваць тэму сустрэчы, падзяліцца ўласным досведам, скарыстацца сакрамантам споведзі.

Значную частку сустрэчы ў мястэчку Беззаганнай займала малітва: святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Нешпары.

Асаблівым момантам для многіх стала вячэрняя адарацыя праслаўлення з малітвай аздараўлення душы і цела, якую правёў экзарцыст з Глыбокага ксёндз Мікалай Ціхановіч.

Пасля адарацыі настаў вечар пытанняў і адказаў, падчас якога святары адказалі на пытанні, што хвалююць моладзь.

У апошні дзень сустрэчы аніматары правялі рэфлексію ўік-энда. У групах маладыя людзі дзяліліся ўражаннямі, распавядалі пра тое, што для іх было найбольш важным і цікавым, уносілі прапановы адносна арганізацыі наступных сустрэч.

Кульмінацыяй дня стала Эўхарыстыя. У гамілі айцец Віктар Мялешка, разважаючы над тэмай сустрэчы, падкрэсліў, што важна заставацца сабой не толькі ў адносінах з іншымі людзьмі, але і ў адносінах з Богам.

«Мы павінны прыносіць Пану Богу ўсё, што ляжыць у нас на сэрцы, быць шчырымі і адкрытымі, каб Хрыстус выслухаў нашыя просьбы і малітвы. Прыкладам такіх адносін з Богам для нас з’яўляецца Марыя», — падкрэсліў святар.

Падчас святой Імшы трое маладых людзей прысвяцілі сябе Беззаганнай, каб як мага больш наследваць Марыю і быць яе рыцарам.

Напрыканцы святой Імшы моладзь выказала словы ўдзячнасці айцу Віктару за духоўную апеку і ўсім айцам францішканам за арганізацыю сустрэчы. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас парафіянаў, якія прынялі ўдзельнікаў ўік-энда на начлег і прычыніліся да арганізацыі харчавання.

Абноўлена 06.03.2023 10:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.