Якая любімая калядка ў кс. Андрэя Калядкі? Кім марыў стаць у дзяцінстве кс. Гжэгаж Ксёнжэк SP і наколькі добра ведае яўрэйскую гісторыю кс. Ян Саламон? Catholic.by распытаў святароў пра іх сімвалічныя для Касцёла прозвішчы.
Кожны з душпастыраў у размове дадаваў, што ім падабаюцца іх прозвішчы і яны ніколі не думалі аб тым, каб іх змяніць.
«У школе пра маё прозвішча ўспаміналі перад святам Божага Нараджэння»
Ксёндз Андрэй Калядка, вікарый мінскай архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, заўважае, што, нягледзячы на сваё «снежаньскае» прозвішча, ён нарадзіўся ў чэрвені.
У школьныя часы пра яго незвычайнае прозвішча згадвалі найперш перад святамі Божага Нараджэння.
«Калі ў тэкстах па беларускай мове дзесьці сустракалася слова “каляды” ці “калядкі”, усе ўсміхаліся і глядзелі на мяне. Настаўніца часам магла папрасіць распавесці штосьці пра гэтае свята для класа», — узгадвае кс. Андрэй.
Святар прызнаецца, што гумар, звязаны з яго прозвішчам, калі і быў, то быў заўсёды пазітыўны, не злы. Прозвішчы аднакласнікаў, паводле слоў кс. Андрэя, таксама не выдзяляліся — Урбан, Ботвін...
«Маё прозвішча, я лічу, таксама не мела ніякага дачынення да паклікання, — парыруе ў адказ на чарговае пытанне журналіста Catholic.by святар. — Гэта ўжо цяпер, калі ў перыяд Божага Нараджэння я наведваю з калядой парафіянаў, жартуючы, кажу ім, што да іх прыйшоў “рождественский” — Калядка». «Яны адразу і не вераць», — усміхаецца душпастыр.
Святар прыгадвае, што ў яго сям’і традыцыя калядных спеваў не была распаўсюджана. Сваёй жа любімай калядкай кс. Андрэй называе спеў «Ціхая ноч».
Саламон — кароль Ізраэля і пробашч у Пружанах
Былы рэктар семінарыі ў Пінску, а сёння пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах кс. Ян Саламон адзначае, што ў яго родных мясцінах прозвішча «Саламон» рэдкім не было.
Святар паходзіць з горада Влацлавек у цэнтральнай Польшчы (варта адзначыць, што беларускі Магілёў з’яўляецца горадам-пабрацімам Влацлавека).
«Людзей з такім жа прозвішчам, як і ў мяне, час ад часу я сустракаю, калі бываю ў Польшчы. Нядаўна пазнаёміўся з рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Львове — ксяндзом Алегам Саламонам, — расказвае святар. — Саламон не такое дзіва, як, напрыклад, святар з прозвішчам Біскуп».
У яўрэйскай гісторыі Саламон — сын караля Давіда, яўрэйскі кароль і аўтар кнігі «Эклезіяста». На іўрыце корань «шлома» (саламон) азначае «мір» (у значэнні «не вайна»). Што на гэты конт думае сам святар?
У размове з Catholic.by ксёндз Ян Саламон дадае, што спецыяльна этымалогіяй свайго прозвішча ніколі не займаўся: «Прымаю яго з падзякай як дадзенае мне ў спадчыну», — заключае святар.
«Яшчэ адзін Ксёнжэк ёсць нават у Гватэмале»
Ксёндз Гжэгаж Ксёнжэк SP, душпастыр парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла ў Чавусах, прызнаецца, што людзей з такім жа прозвішчам, як у яго, у Беларусі яшчэ не сустракаў. А вось у Польшчы, адкуль паходзіць святар, прозвішча дастаткова распаўсюджанае.
«Хоць Ксёнжэк не такое частае ў Польшчы прозвішча, як Новак ці Кавальскі, але пачуць яго можна шмат дзе», — прызнаецца манах з Ордэна пабожных школ.
«Калісьці ў інтэрнэце я адмыслова цікавіўся, ці ёсць акрамя мяне і іншыя святары і манахі з такім жа прозвішчам. І нас, Ксёнжэкаў, дастаткова шмат. Нават у Гватэмале яны ёсць», — усміхаецца кс. Гжэгаж.
У дзяцінстве, па прызнанні святара, ён марыў стаць вадзіцелем машыны, якая вывозіць смецце.
«Мы жылі ў шматпавярховіку, і мне заўжды было цікава назіраць, як прыязджае машына і забірае смецце. Мне вельмі хацелася быць кіроўцам гэтай машыны», — дадае з усмешкай святар.
Ці не ад слова "ксёндз" паходзіць прозвішча Ксёнжэк?
«Маё прозвішча ўтворана не ад слова “ксёндз”, а ад слова “кніга” (książka – пол.), — кажа кс. Гжэгаж. — Ёсць такая прымаўка “мець шмат кніг і не ведаць, што ў іх”. Але яна не пра мяне: я вельмі люблю чытаць».
«Раней, калі кнігі не былі такімі дарагімі, я абавязкова выходзіў з кнігарні з пакупкай. Таму, як аматар чытання, я цалкам апраўдваю сваё прозвішча», — заключае святар.