Пошук

05.03.2026 21:34   Тэкст: Марыя Валодзіна / Vatican News BY

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін. Фота: ANSA

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін выказаў сур’ёзную заклапочанасць сітуацыяй на Блізкім Усходзе і небяспечнай тэндэнцыяй да «шматпалярнасці, якая характарызуецца першынствам моцы».

У інтэрв’ю галоўнаму рэдактару СМІ Апостальскай Сталіцы Андрэа Тарніелі кардынал Паралін з неспакоем адзначыў, што яго турбуе тое, што міжнароднае права пачынае адступаць перад сілай: «на месца справядлівасці прыйшла моц». Ён падкрэсліў, што сучасны свет «небяспечна сцвярджае шматпалярнасць, якая характарызуецца першынствам улады і аўтарэферэнцыяльнасцю».

Заклапочанасць сітуацыяй на Блізкім Усходзе

На пытанне пра драматычныя падзеі, што адбываюцца на Блізкім Усходзе, ён адзначыў, што назірае за імі з вялікім болем, паколькі народы Блізкага Усходу, у тым ліку і без таго ўразлівыя хрысціянскія супольнасці, зноў пагрузіліся ў жах вайны, якая жорстка разбурае жыцці, руйнуе краіны і пагружае цэлыя народы ў спіралі гвалту. «У мінулую нядзелю падчас малітвы Анёл Панскі Папа назваў гэта "трагедыяй велізарных маштабаў" і папярэдзіў пра рызыку "непапраўнай бездані". Яго словы вельмі красамоўна апісваюць той момант, праз які мы праходзім».

Заклік да дыпламатыі

Адказваючы на пытанне пра напад ЗША і Ізраіля на Іран, кардынал Паралін падкрэсліў, што, на яго думку,

«мір і бяспека павінны культывавацца і ажыццяўляцца з дапамогай дыпламатычных магчымасцяў, асабліва ў шматбаковых органах, дзе дзяржавы могуць вырашаць канфлікты бяскроўным і справядлівым шляхам».

«Пасля Другой сусветнай вайны, якая забрала каля 60 мільёнаў жыццяў, заснавальнікі ААН імкнуліся абараніць сваіх нашчадкаў ад тых жахаў, якія яны самі перажылі. Таму ў Хартыі ААН яны далі дакладныя ўказанні па ўрэгуляванні канфліктаў. Але сёння гэтыя намаганні выглядаюць марнымі», — сказаў Дзяржсакратар. Дыпламатыя, якая раней спрыяла дыялогу і пошуку згоды, цяпер усё часцей замяняецца дыпламатыяй моцы асобных людзей або груп саюзнікаў. Людзі пачынаюць думаць, што міру можна дасягнуць «з дапамогай зброі», — папярэджваў Папа на сустрэчы з дыпламатычным корпусам.

Вайна заўсёды нясе разбурэнні

Калі гаворка ідзе пра прычыны вайны, складана вызначыць, хто мае рацыю, а хто — не. З іншага боку, несумненна, што вайна заўсёды прыносіць ахвяры, разбурэнні і цяжкія наступствы для мірных жыхароў. Таму Апостальская Сталіца заклікае выкарыстоўваць усе дыпламатычныя сродкі для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі.

«Гісторыя ўжо навучыла нас, што толькі палітыка, праз цяжкую працу перамоў і ўлічванне інтарэсаў усіх бакоў, можа павысіць давер паміж народамі, спрыяць развіццю і захоўваць мір»,

— адзначыў кардынал Паралін.

Небяспека «прэвентыўнай вайны»

Іерарх папярэдзіў пра небяспеку «прэвентыўнай вайны». Як адзначае Хартыя ААН, выкарыстанне моцы павінна разглядацца толькі як апошняя і вельмі сур’ёзная мера, пасля таго як выкарыстаны ўсе дыпламатычныя і палітычныя сродкі і пасля ўважлівага аналізу неабходнасці і суразмернасці дзеянняў, на падставе дакладных фактаў і абгрунтаванняў, і заўсёды ў рамках шматбаковага кіравання.

Калі б за дзяржавамі было прызнана права на «прэвентыўную вайну» па ўласных крытэрыях і без наднацыянальнай прававой асновы, увесь свет рызыкаваў бы апынуцца ў агні.

Крызіс шматбаковай дыпламатыі

На пытанне пра прычыны заняпаду дыпламатыі і міжнароднага права кардынал Паралін адказаў, што аслабла разуменне таго, што агульнае дабро прыносіць карысць усім. Гэта ўсведамленне згасла, а жаданне дбаць толькі пра свае ўласныя інтарэсы ўзрасло. Гэта прывяло да глыбокага крызісу шматбаковай дыпламатыі: дзяржавы не давяраюць прававым абмежаванням, якія рэгулююць іх дзеянні.

Абараняць годнасць кожнага чалавека

«Не існуе ахвяр першага і другога гатунку, і не існуе людзей, якія маюць большае права жыць толькі таму, што нарадзіліся на тым ці іншым кантыненце, у той ці іншай краіне», — нагадаў іерарх. Гарантыя міжнароднага гуманітарнага права не залежыць ад ваенных або стратэгічных інтарэсаў.

Апостальская Сталіца рашуча асуджае любыя напады на мірных жыхароў і грамадзянскія аб’екты — дамы, школы, шпіталі, святыні — і заклікае заўсёды абараняць годнасць чалавека і святасць жыцця.

Бліжэйшыя перспектывы

Што да бліжэйшых перспектыў гэтай новай крызіснай сітуацыі, кардынал Паралін выказаў надзею на тое, што заклік Льва XIV будзе пачуты тымі, хто прымае рашэнні. «Спадзяюся, што хутка спыніцца шум зброі і бакі вернуцца да перамоў».

Нельга абясцэньваць сэнс перамоў: ім трэба даць дастаткова часу, каб яны прынеслі канкрэтныя вынікі, пры гэтым дзейнічаць цярпліва і рашуча. 

На апошняе пытанне пра надзею кардынал Паралін адказаў, што «хрысціяне спадзяюцца, бо давяраюць Богу, які стаў Чалавекам, які ў Гетсэманіі загадаў Пятру ўкласці меч у ножны і на крыжы перажыў жах сляпога і бессэнсоўнага гвалту. Яны спадзяюцца і таму, што, нягледзячы на войны, разбурэнні, няпэўнасць і агульную разгубленасць, у розных частках свету працягваюць гучаць галасы за мір і справядлівасць».

«Нашы народы патрабуюць міру! Гэты заклік павінен узрушыць кіраўнікоў і ўсіх, хто працуе ў сферы міжнародных адносін, і падштурхнуць іх памножыць намаганні дзеля міру»,

— заключыў Дзяржаўны сакратар.

Абноўлена 05.03.2026 23:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця