Пошук

02.03.2023 06:00   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Віталій Сямёнаў / Grodnensis.by

27 лютага ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі паведаміла, што ўдзел у сустрэчы ўзялі больш за 60 духоўных асоб, пераважна з Гродзеншчыны і Лідчыны. Узначаліў мерапрыемства біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Сустрэча пачалася набажэнствам Крыжовага шляху. У разважаннях падчас набажэнства духоўны айцец святароў дыяцэзіі ксёндз Андрэй Шчупал CSsR засяродзіў увагу на тэме адносін святара з Богам, падкрэсліўшы, што гэтыя адносіны трэба пастаянна развіваць.

У аскетычнай канферэнцыі ксёндз Томаш Ксёнжкевіч CMF, пробашч парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход), казаў пра крыж, які нясуць святары. Ён заахвоціў іх несці па прыкладзе Езуса крыж сваіх штодзённых абавязкаў, свайго служэння, робячы гэта ў вернасці Хрысту, Найвышэйшаму Святару, і ў адзінстве з Ім.

Дзень засяроджання завяршыўся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў пастыр дыяцэзіі. У капліцы семінарыі духавенства на чале з біскупам малілася за ўсіх, хто ўтварае Касцёл Гродзенскай дыяцэзіі.

У гаміліі ксёндз Анджэй Ядкоўскі CSsR, настаяцель супольнасці рэдэмптарыстаў і пробашч гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, разважаючы над прызначаным на гэты дзень Божым словам, заклікаў святароў адкрыць у Вялікі пост свае сэрцы на Бога і бліжняга, найперш на ўсіх тых людзей, да якіх яны былі пасланы.

На заканчэнне сустрэчы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім прысутным за ўдзел у ёй i заклікаў да яшчэ большай руплівасці і стараннага служэння вернікам у сваіх парафіях.

 

 

Абноўлена 02.03.2023 06:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.