Пошук

01.03.2023 16:44   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

1 сакавіка ў касцёле Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў мястэчку Ракаў распачалося развітанне са спачылым пробашчам мясцовай парафіі, дэканам Валожынскага дэканата ксяндзом канонікам Дзмітрыем Барылам.

Як паведамлялася, святар адышоў у вечнасць напярэдадні на 49-м годзе жыцця і 24-м годзе святарскага служэння.

На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў — практычна ўсё сваё святарскае жыццё — ксёндз Дзмірый быў душпастырам ракаўскай парафіі, дзе яго ўсе ведалі і любілі за шчырасць, адкрытасць і святарскую руплівасць.

Намаганнямі ксяндза Дзмітрыя была адноўлена ракаўская святыня і плябанія пры ёй, развілося парафіяльнае жыццё.

Вестка пра раптоўную смерць стала вялікім болем для вернікаў ракаўскай парафіі, якія арганізавалі стыхійны мемарыял перад святыняй, запальваючы на касцёльных прыступках знічы і прыносячы кветкі да фатаграфіі свайго шматгадовага пробашча.

Раніцай у сераду труна з целам спачлага святара прыбыла ў Ракаў, дзе перад касцёлам яе сустрэлі сабраныя парафіяне і святары на чале з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім і разам з родным братам спачылага ксяндзом канонікам Аляксандрам Барылам, пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы і дэканам Вілейскім.

Пад спеў пакутнага псальма труна была ўнесена ў святыню, дзе адбылася святая Імша, якую канцэлебравалі паўтара дзясяткі свяатроў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і з Гродзенскай дыяцэзіі.

На пачатку цэлебрацыі біскуп Касабуцкі заахвоціў усіх прысутных да малітвы аб вечным жыцці для памерлага ксяндза Дзмітрыя як выраз удзячнасці за яго руплівае святарскае служэнне.

Іерарх выказаў надзею, што цяпер душпастыр ракаўскай парафіі будзе ў нябёсах працягваць маліцца за сваіх вернікаў, як раней рабіў гэта ў парафіяльнай святыні.

У прамоўленай гаміліі біскуп, які вучыўся з памерлым ксяндзом Дзмітрыем на адным курсе ў духоўнай семінарыі ў Гродне, узгадаў пра іх даўнія прыязныя адносіны, што распачаліся ў гады, праведзеныя разам у гродзенскай alma mater. Біскуп заўважыў, што ксёндз Дзмітрый быў наймалодшым на іх курсе, і ніхто не мог бы падумаць, што Бог так рана пакліча яго да сябе.

Іерарх адзначыў спакойны, душэўны і радасны характар, што адрозніваў ксяндза Дзмітрыя, які ўмеў знайсці падыход і агульную мову з кожным чалавекам.

Дадаўшы, што спачылы святар акрамя служэння ў Ракаве таксама доўгія гады быў афіцыялам касцёльнага суда ў Мінску, біскуп Касабуцкі падкрэсліў, што ён «ніколі не наракаў, не казаў, што яму цяжка ці не падабаецца, але заўсёды з усмешкай на твары выконваў даручаныя Касцёлам абавязкі».

У цяжкую хвіліну расстання іерарх словамі хрысціянскай надзеі, якую як святар абвяшчаў таксама ксёндз Дзмітрый, падтрымаў яго асірацелых парафіянаў і родных. Словы спачування і падтрымкі ён скіраваў перадусім маме памерлага ксяндза Дзмітрыя Гэлене, якая брала ўдзел у святой Імшы, яго брату ксяндзу Аляксандру і ўсім прысутным родным і блізкім.

Развітанне са спачылым святаром у ракаўскай святыні будзе працягвацца на працягу ўсяго дня і ночы. Увечары святую Імшу пры труне будзе цэлебраваць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а ў чацвер раніцай цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліць Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

2 сакавіка апоўдні распачнецца пахавальная святая Імша, якую будзе цэлебраваць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, пасля чаго адбудзецца абрад апошняга даручэння і пахаванне спачылага ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы.

На партале Catholic.by вядзецца прамая трансляцыя з Ракава, але з-за незалежных ад супрацоўнікаў парталу тэхнічных складанасцяў яна часам перарываецца, за што старонні тэхнічны персанал прыносіць свае прабачэнні.

 

Абноўлена 01.03.2023 17:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа