Вернікі парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Захад) запусцілі ў Youtube новы пазнавальна-забаўляльны каталіцкі канал «Анёлкі з вясёлкі».
Першы выпуск уяўляе сабой сем розных заняткаў на тэмы рэлігіі, прыродазнаўства, кулінарыі.
Праграма знаёміць дзетак і іх бацькоў з хрысціянствам, а таксама дапамагае правесці разам час цікава і з карысцю.
Аўтары ствараюць добры настрой праз спевы, смачныя стравы, падарожжы і карысныя веды аб навакольным асяроддзі. Аб гэтым распавядуць сем раздзелаў-колераў вясёлкі: «Чароўныя вандроўкі», «Крочым да Бога», «Музычны куфэрак», «Сакрэты раслін», «Смачная хвілінка», «Вышэй неба», «Матуліны казкі». Аўтары кажуць, што ад задумы да рэалізацыі праекту прайшло каля двух месяцаў, аднак плануюць зрабіць перадачу рэгулярнай і выпускаць новыя эпізоды часцей.