23 лютага ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Ашмянах прайшоў дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, удзел у сустрэчы ўзялі каля 60-і святароў — дыяцэзіяльных і з манаскіх супольнасцяў, у першую чаргу з Ашмянскага, Астравецкага, Смаргонскага і Івейскага дэканатаў — на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Прысутныя ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху, якое правёў духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Шчупал CSsR. Таксама яны выслухалі канферэнцыю «Устанавіў дванаццаць, каб былі з Ім» (Лк 3, 14), з якой выступіў ксёндз Аляксандр Сямінскі, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кемелішках (Астравецкі дэканат).
Ксёндз Аляксандр падкрэсліў, што святары — гэта тыя, хто адказвае за пашырэнне Божага Валадарства на зямлі, бо кожнага з іх Бог выбраў, каб яны былі з Ім і сведчылі пра Яго любоў.
«Усе мы, хоць і рознымі спосабамі, удзельнічаем у абвяшчэнні Добрай Навіны. Гэта нялёгка, але з дапамогай святла і моцы Духа Святога звязана з благаслаўленнем, якое дадае адвагі і сіл», — адзначыў душпастыр з Кемелішак.
У якасці ўзору ў абвяшчэнні Добрай Навіны і пашырэнні Божага Валадарства ён нагадаў пра благаслаўлёнага Міхала Сапоцьку, пра якога сам Езус сказаў святой Фаўстыне: «па Маім Сэрцы». Як заўважыў прамоўца, служэнне святара «павінна быць струменем, які ўліваецца ў супольную справу Хрыста і Яго абраннікаў». Ксёндз Сямінскі заахвоціў прысутных паразважаць на парозе Вялікага посту над сваім жыццём і пакліканнем, «каб скрушыцца і навярнуцца ад сваіх грахоў і занядбанняў, якія прыносяць шкоду Божай справе, Валадарству Хрыста на зямлі».
Цэнтральнай падзеяй дня стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў пастыр дыяцэзіі. Біскуп Кашкевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне.
У гаміліі ксёндз Павел Раманоўскi, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат), казаў пра важнасць навяртання, да якога кліча Пан Езус у час посту — святы час дзеяння Яго ласкі.
Святар адзначыў, што «навяртанне засноўваецца на тым, каб згадзіцца, свабодна і з любоўю, што мы ва ўсім залежым ад Бога, нашага сапраўднага Створцы, залежым ад любові, і што гэта не залежнасць, а свабода».
Прапаведнік дадаў, што святыя і благаслаўлёныя святары заахвочваюць сучаснае духавенства служыць парафіянам, родным, блізкім, Касцёлу сваёй малітвай і цярпеннем. «Гэта нас асвяціць, зробіць мілымі Богу, наблізіць нас і нашых блізкіх да Яго — крыніцы святасці», — сказаў ксёндз Раманоўскі.
Напрыканцы гаміліі ён заклікаў духавенства здзяйсняць Эўхарыстычную Ахвяру і ўсё сваё служэнне, разумеючы гэта як ахвяраванне разам з Хрыстом, «не як найміты ці, барані Божа, як агенты шатана, прабываючы ў цяжкім граху, а як верныя слугі і сябры Езуса, адданыя сыны Касцёла».
Біскуп Гродзенскі падзякаваў усім прысутным за ўдзел у дні засяроджання, падкрэсліўшы неабходнасць такіх сустрэч, якія пазітыўна ўплываюць на будаўніцтва святарскага адзінства і з’яўляюцца добрай нагодай аднавіць сваё духоўнае жыццё.
Іерарх заклікаў святароў яшчэ больш старанна здзяйсняць служэнне ў сваіх парафіяльных супольнасцях, каб весці вернікаў да сустрэчы з Богам — міласэрным Айцом.