20 лютага ў цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які знаходзіцца ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, адбылася чарговая сустрэча ў межах праекту, скіраванага на ўзмацненне кампетэнцыі кансэкраваных асоб.
Першую частку сустрэчы з прадстаўнікамі розных манаскіх таварыстваў правёў кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Уладзімір Глушакоў.
Была заяўленая трыадзіная мэта сустрэчы: «патачыць інтэлект аб інтэлект», абмяняцца досведам па ключавых пытаннях чатырох модуляў праграмы навучання «Лідарства і камандаўтварэнне ў манаскай супольнасці» і пашырыць дыяпазон магчымасцяў для свайго далейшага служэння.
Удзельнікам было прапанавана ў фармаце каманднай працы выказваць сваё бачанне і разуменне ключавых пытанняў модуля, што ў выніку сістэматызавала набытыя імі веды. Былі цікавымі і паказальнымі, з пункту гледжання ўцягнутасці, гарачыя дыскусіі па такіх пытаннях, як якасці лідара, яго ўплыў на супольнасць, прынцыпы фармавання і кіраванні камандамі для рашэння задач розных тыпаў.
Вельмі прадуктыўнай аказалася дыскусія па пытанні, што адбываецца з «я» чалавека пасля яго нараджэння. Яно памяншаецца, павялічваецца, відазмяняецца пад уздзеяннем соцыюма? У выніку, «перамог» пункт гледжання калектыўнага розуму ўдзельнікаў, што чалавечае «я» трансфармуецца і развіваецца.
Важным аспектам сустрэчы сталі дыскусіі па розных аспектах хрысціянскага служэння і сацыяльнай адказнасці Касцёла перад грамадствам у перыяд, які перажываецца.
Пасля перапынку чарговы занятак па курсе «Стратэгічнае кіраванне манаскай супольнасцю» правёў кандыдат эканамічных навук Андрэй Каралёў. Удзельнікі адукацыйнай праграмы абмеркавалі вынікі каманднай працы і экспертнага аналізу існуючых кампанентаў стратэгіі манаскіх ордэнаў у Беларусі, такіх як місія, бачанне, каштоўнасці і стратэгічныя мэты. Азнаёміліся з эфектыўнымі інструментамі стратэгічнага планавання і аналізу і метадалогіяй іх ужывання для распрацоўкі стратэгіі развіцця манаскай супольнасці.
Завяршылася сустрэча святой Імшой, цэлебрацыю якой ўзначаліў ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB.