Пошук

10.02.2023 09:29   Тэкст: Марына Сінкевіч / Фота: Леанід Юрык / Сatholicnews.by

9 лютага ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Антонія Падуанскага ў Паставах адбылася першая ў 2023 годзе агульная сустрэча святароў і кансэкравных асоб, якія нясуць служэнне ў парафіях Віцебскай дыяцэзіі.

Як паведамляецца на сайце Сatholicnews.by, сустрэчу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Такія духоўныя сустрэчы з пастырам дыяцэзіі адбываюцца амаль кожны месяц.

Напачатку душпастыры, якія сабраліся з усёй дыяцэзіі, мелі магчымасць звярнуцца па справах да супрацоўнікаў дыяцэзіяльнай Курыі, а таксама набыць літаратуру і каталіцкую прэсу ў прадстаўнікоў выдавецтва «Pro Christo» і часопіса «Дыялог».

Першай часткай сустрэчы сталі духоўныя канферэнцыі, якія праходзілі асобна для святароў і для кансэкраваных асоб.

З настаўленнем да сясцёр звярнуўся ксёндз Анджэй Юхневіч OMI, які засяродзіў увагу на стрэсе і адпачынку. Святар даў манаскім асобам некалькі прапановаў для лепшага адпачынку, сярод якіх правільнае дыханне, медытацыя, шпацыр, ароматэрапія і спа.

Для духавенства канферэнцыю прамовіў судовы вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Аляксей Ляшко. Ён закрануў тэму касцёльнага права ў сферы сужэнства і сям’і, з чым душпастырам даводзіцца часта мець справу ў святарскім служэнні. Ксёндз Аляксей прывёў статыстыку, паводле якой у Беларусі на 59 тыс. заключаных за год у аддзелах дзяржаўнай рэгістрацыі сужэнстваў даводзіцца 40 тыс. скасаваных, што складае 68%. Паводле афіцыяла касцёльнага суда, падобная статыстыка датычыцца і сужэнстваў, заключаных сакрамантальна (у касцёле). Біскупскі суд у адказ на позвы вернікаў прызнае нядзейснымі каля 75% шлюбаў з тых спраў, якія яму даводзіцца разглядаць.

У сувязі з гэтым святар звярнуў асаблівую ўвагу на патрэбу больш сур’ёзнай падрыхтоўкі маладых людзей да гэтага сакрамэнту.

Пасля канферэнцый адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі скарысталіся магчымасцю споведзі.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Буткевіч. У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на тэме веры і духоўнасці, заахвоціўшы прысутных задумацца на тым, «наколькі моцная наша вера і ці мы яе развіваем».

9 лютага прыпала 4-я гадавіна смерці ксяндза Казіміра Акушкі, які нёс служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі. Сабраты ў святарстве памаліліся аб вечным жыцці для памерлага святара.

На заканчэнне сустрэчы былі абвешчаны бліжэйшыя планы ў дыяцэзіі.

Біскуп Алег Буткевіч нагадаў, што 18 лютага ў Росіцы адбудуцца ўрачыстасці з нагоды 80-й гадавіны трагедыі і мучаніцкай смерці благаслаўлёных марыянаў, а ў наступным годзе Віцебская дыяцэзія адзначыць 25-годдзе з часу яе заснавання.

Наступная сустрэча святароў і манаскіх асоб пройдзе 7 сакавіка ў Лепелі.

 

Абноўлена 10.02.2023 09:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа