Пошук

08.02.2023 12:53   Catholic.by

18 лютага ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі бласлаўлёных мучанікаў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча ў Росіцы (Верхнядзвінскі раён) пройдуць урачыстасці ў 80-ю гадавіну іх мучаніцкай смерці.

Юрый Кашыра нарадзіўся ў 1904 годзе ў вёсцы Александрова, што каля Дзісны.

Быў ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве, але ў васямнаццацігадовым узросце прыняў каталіцкую веру. Калі Юрыю Кашыру споўнілася 19 гадоў, у мястэчку Друя пачаў дзейнічаць кляштар ксяндзоў марыянаў. У 1924 годзе Юрый Кашыра ўступае ў гэтую законніцкую супольнасць і праз год распачынае навіцыят — першы этап падрыхтоўкі да законніцкага жыцця. 2 жніўня 1929 года даў вечныя манаскія абяцанні ўбоства, чыстасці і паслухмянасці, пасля чаго быў скіраваны на вучобу ў Рым. Пасля двух гадоў вывучэння філасофіі працягнуў навучанне на тэалагічным факультэце ў Віленскай духоўнай семінарыі, дзе праз тры гады прыняў дыяканскае пасвячэнне, а 20 чэрвеня 1935 года стаў прэзбітэрам.

Антоні Ляшчэвіч нарадзіўся ў 1890 годзе ў вёсцы Абрамаўшчына, што каля Вілейкі.

Пачатковую трохгадовую адукацыю атрымаў у Войстамскай школе, пазней працягваў навучанне ў гімназіі святой Кацярыны ў Санкт Пецярбургу. Пасля гімназіі паступіў у Санкт-Пецярбуржскую духоўную семінарыю і 14 красавіка 1914 года становіцца святаром. Адразу пасля прыміцыйных урачыстасцяў выехаў на місіі на Далёкі Усход. У першы год свайго святарскага служэння працаваў вікарыем у Іркуцку, а ў наступным годзе выехаў у Чыту, дзе працаваў не толькі вікарыем , але і настаўнікам, а таксама прэфектам адразу ў трох школах. Праз два гады атрымаў скіраванне ў Харбін, дзе працаваў на працягу дваццаці гадоў. У супольнасць марыянаў уступіў ва узросце 47 гадоў.

У лістападзе 1941 года быў скіраваны на служэнне ў Росіцу, дзе ў чэрвені наступнага года да яго далучыўся ксёндз Юрый Кашыра.

У 1943 годзе ў сувязі з павышанай актыўнасцю партызанаў у Друі з’явілася карная экспедыцыя. Неўзабаве карнікі перасяклі Дзвіну і скіравалася ў Росіцу.

Святары ведалі пра карную экспедыцыю гітлераўцаў у Росіцу, аднак уцякаць адмовіліся і засталіся са сваімі вернікамі.

У аўторак раніцай, 16 лютага, пачалі біць званы: карнікі зганялі ў росіцкі касцёл маці з немаўлятамі, дзяцей, моладзь і старых, а таксама сясцёр эўхарыстак. У касцёле былі святары Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра. У адрозненні ад звычайных вяскоўцаў, яны мелі права свабодна ўваходзіць у святыню і пакідаць яе, а таксама ў любы момант маглі пакінуць Росіцу. Святары, аднак, засталіся і выконвалі свае абавязкі: цэлебравалі Імшу, удзялялі Камунію, спавядалі, хрысцілі дзяцей і дарослых, благаслаўлялі, суцяшалі тых, хто быў у роспачы, прыносілі дзецям хлеб. Аказваць духоўную дапамогу святарам дапамагалі сёстры эўхарысткі. Айцу Ляшчэвічу ўдалося вызваліць з імправізаванай вязніцы ў касцёле спачатку адну сястру, а потым і іншых.

У сераду 17 лютага карнікі пачалі дзяліць людзей у касцёле на групы: на правы бок — для адпраўкі ў лагер, на левы — тых, хто павінен быў пайсці ў агонь. У той жа дзень па абедзе ксёндз Ляшчэвіч развітаўся з жыхарамі вёскі і сказаў, што яго выклікаюць. Калі яго забіралі, сказаў:

«Будзьце мужныя і маліцеся».

Увечары ў касцёл вярнуўся ксёндз Юрый і паведаміў, што ксёндз Антоній забіты, а назаўтра загіне і ён сам. Ксёндз Антоній Ляшчэвіч прыняў мучаніцкую смерць 17 лютага 1943 года: ён быў расстраляны. Адной з магчымых прычын забойства ксяндза Антонія магла стаць раз’юшанасць карнікаў, выкліканая пастаяннымі просьбамі да іх з боку святара аб вызваленні прынамсі дзяцей і міласэрнасці да іх.

На наступны дзень, адмовіўшыся пакінуць вернікаў, айцец Юрый Кашыра быў спалены разам з усімі.

Сёлета ў Росіцы адзначаецца 80-я гадавіна тых трагічных падзей і мучаніцкай смерці благаслаўлёных святароў марыянаў.

Узяць удзел ва ўрачыстасцях у санктуарый запрашаюць пілігрымаў.

Праграма

  • 11.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з магчымасцю споведзі;
  • 12.00 – святая Імша;
  • 13.30 – працэсія на месца мучаніцтва і заканчэнне ўрачыстасцяў.
  • Для ахвотных будзе падрыхтавана гарбата і невялікі пачастунак.

Увага! Вёска Росіца Верхнядзвінскага раёна знаходзіцца ў памежнай зоне у сувязі з чым усім пілігрымам неабходна мець пры сабе пашпарт.

Абноўлена 20.02.2023 09:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа