25 студзеня ў Віцебску распачала працу Катэхетычная рада, створаная біскупам Алегам Буткевічам пры Катэхетычным аддзеле Курыі Віцебскай дыяцэзіі.
На сайце Сatholicnews.by, які пра гэта паведаміў, адзначаецца, што менавіта сам біскуп нясе асноўную адказнасць за стан рэлігійнай адукацыі ў дыяцэзіі. Каб лепш выконваць гэтае адказнае заданне, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч дэлегаваў частку сваіх паўнамоцтваў дырэктару катэхетычнага аддзела сястры Марыі Шамовіч BDNP і заснаваў Катэхетычную раду.
Катэхетычная рада створаная для таго, каб спрыяць лепшай арганізацыі катэхетычнай дзейнасці ў парафіях.
На сустрэчы 25 студзеня падчас дыскусій уздымаліся вострыя пытанні. Між іншым, удзельнікі абмяркоўвалі актуальнасць катэхетычных праграм і метадалагічных дапаможнікаў у дыяцэзіі, рэгіянальныя асаблівасці парафій і іх значэнне для катэхезы.
Біскуп Буткевіч зацвердзіў Статут рады, паводле якога рада будзе збірацца прынамсі тройчы на год. Акрамя таго, прадугледжаная супольная праца анлайн для вырашэння пільных пытанняў.
У склад Катэхетычнай рады Віцебскай дыяцэзіі ўвайшлі дзве групы супрацоўнікаў: адны — у сілу сваёй пасады, іншыя былі прызначаны біскупам.
У сілу пасады супрацоўнікамі рады сталі дырэктар Катэхетычнага аддзела Курыі Віцебскай дыяцэзіі сястра Марыя Шамовіч BDNP і адказны за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Хмылко. Акрамя таго, у склад Рады біскупам былі прызначаныя доктар біблійнай тэалогіі ксёндз Валерый Марціноўскі, пробашч катэдральнай парафіі ў Віцебску, пробашч парафіі ў Сянне айцец Міхал Ермашкевіч OP, вікарый парафіі ў Удзеле айцец Віктар Мялешка OFMConv, катэхетка парафіі святога Антонія ў Віцебску сястра Мажэна Вельгус BDNP, катэхетка парафіі ў Наваполацку сястра Магдалена Дзевульска CR, катэхетка парафіі ў Докшыцах сястра Анна Дзятлік ASC, катэхетка парафіі ў Канстанцінаве (Глыбоцкі дэканат) Алена Татун.
Склад Рады ў адпаведнасці з яе Статутам зацверджаны тэрмінам на пяць гадоў.