Пошук

11.01.2023 10:40   Тэкст і фота: Сняжана Буцук / Catholic.by

8 студзеня, у свята Хросту Пана, група малодшых вернікаў парафіі святога Антонiя з Мар’інай Горкi на чале з пробашчам, ксяндзом Генрыхам Кучынскiм наведалі Пухавіцкі псіханеўралагічнага дом-інтэрнат.

Наведванні гэтай установы ў перыяд Божага Нараджэння сталі тут ужо традыцыяй. Юныя хрысціяне прыйшлi да пастаяльцаў, каб у іх асобах пакланіцца Хрысту, у прадстаўленай сцэнцы расказаць ім пра маленькага Езуса i з радасцю прынесці Яму свае дары.

А яшчэ распавесцi пра тое, што Сын Божы, умілаваны Айцом, пасланы адкрыць кожнаму чалавеку, што усе мы — умілаваныя дзецi Нябеснага Айца.

Па словах супрацоўнiкаў псiханеўралагiчнага дома-iнтэрната, калядныя выступленнi ў іх установе — заўсёды жаданае i сапраўднае свята. «Кожны чалавек павінен атрымаць у гэты час нейкую радасць, — дзеляцца юныя артысты, — і мы вельмі ўдзячныя Богу за магчымасць несці яе людзям».

У актавай зале, дзе адбывалася сустрэча, не было вольных  месцаў.

Перад пачаткам дабрачыннага мерапрыемства сабраныя з увагай слухалi прывiтальныя словы святара, дзякавалi Богу за падараваны дзень, малiлicя за мiр, супакой i дабрабыт. На дзвюх мовах гучала агульная для ўсіх хрысіцянаў малiтва «Ойча наш».

Перад прысутнымі выступіў парафіяльны вакальна-харэаграфічны гурт «Пухавіцкія пярлінкі». Слухачы падпявалі знаёмыя мелодыі, пляскалі ў ладкі. Па словах саміх артыстаў, больш нідзе яны не сустракалі такога ўдзячнага прыёму.

На заканчэнне сустрэчы адбылася гульнявая праграма. Ахвотныя танчылi разам з гасцямі, выконвалi простыя практыкаваннi i рухi, падкідвалі імправізаваныя «снежкі».

Малодшыя парафiяне, якія прыехалі ў інтэрнат, каб падзяліцца з яго пастаяльцамі весткай аб Нараджэннi Хрыста, падаравалі ім цеплыню сваіх сэрцаў, дадалi радасцi, дапамаглi  паверыць у цуд.

«Няхай Нованароджаны адорыць вас супакоем, надзеяй i любоўю, а Дух Святы адновiць жаданне выконваць жыццёвую мiсiю», — жадалі напрыканцы артысты гаспадарам, дзякуючы ім за гасцiннасць i цеплыню, апладысменты i эмацыйны водгук, а таксама за пачастунак.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа