5 студзеня, у дзень пахавання Бэнэдыкта XVI, у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы за супакой душы спачылага Папы эмэрыта.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Кашкевіч разам з прысутнымі духавенствам і вернікамі узносіў малітву аб вечным жыцці для спачылага Пантыфіка, які стаяў на чале паўсюднага Касцёлам з 2005 па 2013 год.
На пачатку Эўхарыстыі пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што Бэнэдыкт XVI быў чалавекам вялікай пакоры і прастаты, які пакінуў пасля сябе багатую навуковую спадчыну.
Іерарх выказаў надзею на тое, што гэтая тэалагічная спадчына дапаможа сучаснаму свету i чалавеку будаваць жыццё згодна з навукай Езуса Хрыста, згодна з Евангеллем.
У гаміліі генеральны вікарый дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч узгадаў жыццярыс Папы эмэрыта, які адышоў у вечнасць ва ўзросце 95-і гадоў 31 снежня ў кляштары Mater Ecclesiæ у Ватыкане.
На заканчэнне Імшы біскуп Гродзенскі падзякаваў усім за дар супольнай малітвы ў інтэнцыі памерлага.
«Папа Бэнэдыкт прыняў запрашэнне і вырушыў у дарогу, каб сустрэць і пазнаць Божае Дзіця», — сказаў іерарх.
Прысутныя праспявалі малітву «Анёл Панскі», просячы добрага Бога аб ласцы неба для Бэнэдыкта XVI.