Паведамленне
біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
аб малітве за памерлага Папу эмэрыта Бэнэдыкта XVІ
у парафіях Пінскай дыяцэзіі
Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
31 снежня 2022 года адышоў у вечнасць Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ. Ён быў 265-м наступнікам Святога Пятра і ўзначальваў Апостальскую Сталіцу з 19 красавіка 2005 года да 28 лютага 2013 года. Пахавальная святая Імша адбудзецца 5 студзеня 2023 года на плошчы Святога Пятра ў Рыме. Яе цэлебрацыю ўзначаліць Святы Айцец Францішак.
Заахвочваю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі, каб у дзень пахавання Папы эмэрыта Бэнэдыкта XVІ усе парафіі і супольнасці далучыліся да малітвы за памерлага Пантыфіка.
Прашу вялебных святароў аб цэлебрацыі святой Імшы з удзелам шматлікіх вернікаў, асабліва ў дзень пахавання Папы (фармуляр святой Імшы: Рымскі Імшал, с. 1537–1539). Прашу таксама, каб у дзень пахавання Бэнэдыкта XVІ 5 студзеня 2023 года перад святой Імшой за памерлага Пантыфіка эмэрыта загучалі касцёльныя званы ва ўсіх парафіях нашай дыяцэзіі.
Дыяцэзіяльная падзяка за жыццё і пантыфікат Бэнэдыкта XVІ адбудзецца падчас святой Імшы ў нядзелю 8 студзеня 2023 года ў Пінскай катэдры. Запрашаю да ўдзелу ў гэтай цэлебрацыі святароў і ўсіх вернікаў нашай дыяцэзіі.
✠Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 3 студзеня 2023 г.