Пошук

04.01.2023 16:52   Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: Генадзь Бука / Catholic.by

3 студзеня ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага Вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адбылася аплаткавая сустрэча для міністрантаў парафій, якія належаць да дэканатаў Мінск-Усход і Мінск-Захад.

На сустрэчы сабралася каля 50-і міністрантаў школьнага ўзросту з сямі парафій: Бараўлянаў, Гатава, а таксама мінскіх парафій на Залатой Горцы і ў мікрараёне Ангарская, у Серабранцы, Чыжоўцы і з архікатэдральнай парафіі.

Сустрэча распачалася малітваю падзякі і просьбы, якую правёў ксёндз Павел Эйсмант, куратар падрыхтоўчага курса Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі. Прысутныя таксама памаліліся аб жыцці вечным для спачылага Папы эмэрыта Бэнэдыкта XVI.

Канферэнцыю пра традыцыю дзялення аплаткай і значэнне гэтага сімвала для вернікаў правёў ксёндз Віталь Маргуноў, пробашч з Касцяневічаў (Вілейскі дэканат).

Святар паказаў прысутным аплатку, якой дзеляцца пры вігілійным стале, а таксама гостыю і камунікант, якія выкарыстоўваюцца на Імшы, звярнуўшы ўвагу на тое, што гэта — адзін і той самы хлеб, які мае розны кшталт (і нават колер) у залежнасці ад прызначэння.

Ксёндз Віталь нагадаў, што здаўна аплаткамі не толькі дзяліліся людзі паміж сабою, але давалі таксама кавалачкі хатняй жывёле, перадусім кароўкам і авечкам, якія грэлі ў яслях Немаўлятку Езуса. Напрыканцы канферэнцыі ўдзельнікі паглядзелі фрагмент з тэлеперадачы «Сімвал Веры», у якім быў паказаны працэс выпякання аплатак у кляштары сясцёр назарэтанак у Навагрудку.

З пастырскім словам да прысутных звярнуўся біскуп Юрый Касабуцкі. Ён засяродзіў увагу слухачоў на тым, з чаго выпякаюцца аплаткі: на цесце, якое складаецца з вады і пшанічнай мукі. Апошняя, у сваю чаргу, уяўляе сабой вялікае мноства змолатых зярнятак. Іерарх падкрэсліў, што мы, як зярняткі, злучаемся ў адну супольнасць, і заахвоціў міністрантаў пасябраваць адзін з адным, абмяняцца кантактамі, часта сустракацца разам, каб падтрымліваць міністранцкую супольнасць.

Словы біскупа мелі водгук у стварэнні міністранцкай групы ў сацыяльных сетках.

Другая частка сустрэчы — дзяленне аплаткай — адбывалася ў дольным касцёле. Пасля супольнага спеву калядкі ксёндз канонік Юрый Санько, пробашч з Залатой Горкі ў Мінску, прачытаў фрагмент Евангелля аб Нараджэнні Божага Сына ў Бэтлееме, пасля чаго біскуп Касабуцкі благаславіў аплаткі. Адметнай рысай дзялення аплаткамі стала тое, што кожны перад складаннем пажаданняў коратка прадстаўляўся, што спрыяла хуткаму знаёмству ўдзельнікаў сустрэчы. У літургічны ўспамін Найсвяцейшага Імені Езуса, які адзначаўся ў гэты дзень, вымаўленне свайго імені перад іншымі набыло асаблівае значэнне.

Пасля дзялення аплаткамі юных удзельнікаў, іх душпастыраў і бацькоў чакаў салодкі стол.

Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя міністранты атрымалі спецыяльныя значкі, якія яны будуць з гонарам насіць на адзенні як сведчанне іх прыналежнасці да супольнасці міністрантаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

           

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа