Пошук

30.12.2022 19:33   Тэкст: Алена Крывенькая, мастацтвазнаўца / Фота: Максім Маркевіч / Catholicnews.by / Відэа: тэлерадыёкампанія «Віцебск»

7 снежня ў музычнай гасцёўні музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» адбылося адкрыццё выставы жывапісу ксяндза Сяргея Сурыновіча, пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія, Мёрскі дэканат).

Выстава твораў святар і мастака мае рамантычную назву «Птушыны вянок». Як паведамляецца нга сайце Catholicnews.by, на ёй прадстаўлены карціны, выкананыя ў тэхніцы алею на палатне, натхнёныя разважаннямі святара над тэмамі і праблематыкай аховы стварэння, узнятымі ў энцыкліцы Папы Францішка Laudato si. Вобразы птушак, апісаныя ў энцыкліцы Пантыфіка, сустракаюцца ў Беларусі, многія з іх унесены ў Чырвоную кнігу. Таму лагічна, што ў выявах крылатых жывых істот мастака месціцца глыбокі духоўны падтэкст і заклік да больш уважлівага і адказнага стаўлення да прыроды.

У звароце да прысутных на пачатку імпрэзы ксёндз Сяргей Сурыновіч адзначыў:

«„Птушыны вянок“ — маё вяртанне да жывапісу пасля працяглага перапынку. Але сэнсам майго жыцця, маім пакліканнем з’яўляецца святарства і служба людзям і Богу. А жывапіс, скажу шчыра, толькі адзін са сродкаў, які мне дапамагае ўбачыць Бога ў дэталях створанага Ім свету», — дадаў аўтар.

Ксёндз Сяргей Сурыновіч прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне 11 лістапада ў Санкт-Пецярбургу. Выконваў святарскую паслугу на Каўказе, Урале (г. Перм) і ў Калінінградзе. Пасля вяртання ў Беларусь служыў адміністратарам парафіі Святога Духа ў Віцебску, парафіі Божага Провіду ў Слабодцы на Браслаўшчыне, цяпер — у легендарнай Друі.

На адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі Віцебскай дыяцэзіі: канцлер дыяцэзіяльна Курыі ксёндз Віктар Місевіч і афіцыял Біскупскага суду ксёндз Аляксей Ляшко.

Ксёндз Аляксей распавёў прысутным пра асноўныя моманты жыццёвага шляху святара і мастака: вучобу ў магістратуры, абарону дысертацыі ў галіне тэалогіі ў Латэранскім універсітэце ў Рыме, даследаванне гісторыі і спецыфікі перакладаў Бібліі на беларускую мову, працу па алічбоўванні ўсіх вядомых беларускіх перакладаў Бібліі ХХ–ХХІ стагоддзяў, удзел у секцыі Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне (Літва), у многіх міжнародных навуковых канферэнцыях па біблістыцы, абарону доктарскай дысертацыі, ініцыятыву па правядзенні шэрагу дабрачынных акцый, біблейскіх летнікаў, выступаў музыкаў і музычных калектываў у парафіях, дзен нёс служэнне, рэканструкцыю касцёла ў Слабодцы, усталяванне ў 2009 годзе перад касцёлам помніка святой Еўфрасінні Полацкай.

З прывітальным словам да ксяндза Сяргея і прысутных звярнуўся намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Віктар Глушын.

Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава Міхась Цыбульскі адзначыў, што ксёндз Сяргей Сурыновіч — мецэнат і арганізатар штогадовага Друйскага мастацкага пленэру, у якім ад 2016 года ўзялі ўдзел больш за 150 мастакоў з нашай краіны і замежжа. На думку мастацтвазнаўцы, «галоўнае ў выявах прадстаўленых на цяперашняй выставе птушак — позірк і характар, бо гэта не проста выявы, а партрэты».

Творы Сяргея Сурыновіча раней экспанаваліся на чатырох персанальных выставах, якія адбыліся ў 2006–2007 гг. у музеі горада Цільзіта, музеі Крысціянаса Данэлайціса, доме народнай творчасці ў Калінінградзе, Літаратурным музеі Віцебска.

Дасведчанасць і творчая натура дазваляюць святару ўдала спалучаць здольнасці ствараць мастацкія вобразы сродкамі як жывапісу, так і літаратуры. Як літаратар ён дэбютаваў у 1998 годзе пад псеўданімам Яўген Бартніцкі вершаванай містэрыяй для дзяцей «Батлейка». Сёння ён — аўтар зборнікаў паэзіі «Летуценнік», «Пакліканне». 3 2002 г. аспірант кафедры агульнага мовазнаўства Пермскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. У 1999–2000 гг. рэдагаваў газету «Кгуnіса» Таварыства беларусаў Санкт-Пецярбурга, якая была пераемніцай аднайменнай хрысціянска-дэмакратычнай газеты, першы нумар якой выйшаў у 1917 г. у Петраградзе. Таму не дзіўна, што на адкрыцці выставы «Птушыны вянок» гучалі творы віцебскіх літаратараў Франца Сіўко, Людмілы Сіманёнак, а таксама прывітальнае слова былой загадчыцы Літаратурнага музея горада Віцебска Святланы Казловай.

Цёпла і шчыра віталі ксяндза Сяргея ўдзельнікі першага Друйскага пленэру, сябры Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская і Алег Скавародка. Салістка Віцебскай абласной філармоніі Таццяна Моўля надавала імпрэзе ўзвышаны настрой цудоўным выкананнем музычных твораў на цымбалах.

Найлепшым падарункам стала для святара-мастака віншаванне ад друйскіх парафіянаў на чале са старшынёй сельскай рады Міхаілам Бакевічам. Яны адмыслова прыехалі ў гэты дзень у абласны цэнтр, каб засведчыць свайму душпастыру павагу і прыязнасць.

Дырэктар музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» Андрэй Духоўнікаў адзначаў высокі ўзровень мастацкіх пленэраў у Друі і па складу ўдзельнікаў, і паводле якасці твораў. Было заўважана, што жыхары Друі вельмі прыязна і шчыра адносяцца да мастакоў і мастацтва.

За шэсць гадоў выставы па выніках пленэраў у Друі сталі значнай мясцовай падзеяй і паклалі пачатак унікальнаму збору мастацкіх твораў, які варты музейных залаў.

Ксёндз Сяргей Сурыновіч адзначыў, што ў сваёй творчасці абапіраецца на заўвагі і падказкі беларускіх мэтраў: Аляксандра Грышкевіча, Наталлі Залознай, Ілоны Касабукі, Дар’і Сумаравай-Копач.

«Няма ніводнай працы, якая была б выканана мною без іх увагі, заўваг і парад. Яны мне вельмі шмат дапамагаюць і кансультуюць. На працягу 2022 года я напісаў каля шасцідзесяці карцін з птушкамі. А перад гэтым вывучаў звесткі пра іх, апісанні, вышукваў фотаздымкі з розных ракурсаў праз Інтэрнэт, вывучаў дробныя дэталі. Мастакі часам выкарыстоўваюць чучалы, але іх мала, цяжка знайсці, а калі шчыра, то мне было б цяжка працаваць з нежывым. Палова з таго, што напісаў, ужо разляцелася па свеце.

У маіх працах для мяне самае галоўнае — быць шчырым», — прызнаўся святар.

Выстава будзе экспанавацца ў Віцебску да 26 лютага, так што кожны, хто пажадае пазнаёміцца з працамі ксяндза Сяргея Сурыновіча, яшчэ доўга будзе мець такую магчымасць.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа