Пошук

29.12.2022 12:25   Catholic.by
CNS Photo / Paul Haring

1 студзеня 2023 года будзе адзначацца 56-ы Сусветны Дзень міру. З гэтай нагоды Папа Францішак скіраваў традыцыйнае пасланне, разгорнуты каментар да якога дае Старшыня Камісіі Агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

РАЗАМ ПРАКЛАДАЦЬ ШЛЯХІ МІРУ

Каментар да Паслання Папы Францішка на 56-ты Сусветны дзень міру, 1 студзеня 2023 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. Сардэчна вітаю вас у першы дзень Новага, 2023 года. Сёння ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень міру. У гэты дзень разам з Марыяй распачынаем новае штогадовае падарожжа па шляхах нашага жыцця.

Віншую ўсіх вас з Новым годам і жадаю, каб гэтае падарожжа было напоўнена глыбокай верай, надзеяй і любоў’ю. Няхай, зыходячы з прынцыпаў Евангелля, яно прывядзе да ўсталявання сталага міру ў свеце, у тым ліку і ў братняй Украіне, дзе ўжо дзесяць месяцаў льецца кроў, разбураецца інфраструктура, фізічна і маральна церпяць людзі і нявінныя дзеці, а мільёны людзей сталі бежанцамі.

З абодвух бакоў гэтага ўзброенага канфлікту — украінскага і расійскага — гінуць прадстаўнікі народаў з багатай славянскай гісторыяй, культурай і хрысціянскай рэлігіяй. Ваенныя дзеянні — гэта заўсёды зло, прычына якога крыецца ў незахаванні Божага закона і галоўнага этычнага прынцыпу ўсіх сусветных рэлігій: «Не рабі нікому таго, чаго не хочаш, каб іншыя табе рабілі».

Мы перажываем перыяд Нараджэння Хрыста, і нашыя сэрцы павінны закранаць словы анёльскіх хораў: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк, 2, 14). Людзі добрай волі — гэта тыя, хто жыве згодна з Божым законам. Сапраўдны мір распачынаецца з міру ў сэрцы чалавека. Хрыстус з’яўляецца крыніцай супакою. Мір — гэта не проста адсутнасць вайны і не стан раўнавагі супярэчных сіл, але справа справядлівасці, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор (пар. GS 77–78).

2. Традыцыйна ў Сусветны дзень міру Папа звяртаецца да людзей добрай волі са спецыяльным Пасланнем, у якім уздымае актуальныя праблемы адносна сітуацыі ў свеце і прапануе шляхі дасягнення і захавання міру.

Цэнтральная думка сёлетняга папскага Паслання:

«Ніхто не можа выратаваць сябе ў адзіночку. Адштурхнуцца ад COVID-19 і разам пайсці шляхамі міру». Папа Францішак спасылаецца на словы святога апостала Паўла з першага Паслання да Тэсаланікійцаў (пар. 1 Тэс 5, 1–11), у якім Апостал народаў заахвочвае чуваць, не замыкацца ў страху, не падаць духам, але быць падобнымі да вартаўнікоў, здольных пільнаваць і заўважыць першае святло світання, асабліва ў самыя цёмныя гадзіны (пар. ПДМ-56, 1). Марыя з’яўляецца Каралевай міру і таму Ёй у першы дзень Новага года Пантыфікі ўжо 56-ы раз даручаюць справу захавання міру.

3. Сваё сёлетняе Пасланне Папа Францішак распачынае ад разважанняў на тэму пандэміі каранавірусу. Узгадваючы COVID-19, Пантыфік падкрэслівае яго духоўныя і сацыяльныя наступствы, у тым ліку выяўленне слабасці свету, у якім мы жывем. З першых момантаў пандэміі свет сутыкнуўся з велізарным выпрабаваннем. Сітуацыя ўскланялася тым, што ён не быў падрыхтаваны да такога выкліку (пар. ПДМ-56, 2). Таму жаданнем Папы Францішка было, каб Касцёл служыў свету з мэтай дапамагчы ўсім нам адчуваць сябе як адна чалавечая сям’я, якая супольна вырашае ўзніклую праблему.

4. Далей у сваім Пасланні Папа падкрэслівае, што з крызісу немагчыма выйсці такім самым: выйсці можна толькі лепшым або горшым. Таму мы павінны адказаць сабе на пытанні: чаму нас навучыла пандэмія каранавірусу? якімі новымі шляхам нам трэба ісці, каб вызваліцца ад кайданаў старых звычак і быць лепш падрыхтаванымі да новага? якія прыкметы жыцця і надзеі мы можам прыняць, каб ісці наперад з мэтай рабіць свет лепшым?

На гэтыя і падобныя пытанні Папа Францішак адказвае, што найвялікшым урокам з’яўляецца ўсведамленне таго, што мы патрэбныя адно аднаму, што наш самы вялікі скарб — гэта заснаванае на ўсведамленні сябе Божымі дзецьмі братэрства, і што ніхто не можа выратавацца сам.

Таму неабходна разам шукаць і развіваць універсальныя каштоўнасці, якія вызначаюць шлях гэтага братэрства.

Пантыфік таксама звяртае ўвагу на тое, што давер да тэхнічнага прагрэсу і глабалізацыі ператварыўся ў індывідуалістычнае і ідалапаклонніцкае ап’яненне, аслабляючы пры гэтым гарантыі справядлівасці, згоды і міру. Акрамя негатыўнага досведу, пандэмія каранавірусу дазволіла зрабіць пэўныя пазітыўныя адкрыцці, а менавіта вяртанне да цноты пакоры, зніжэнне спажывецкіх патрабаванняў, аднаўленне пачуцця ўзаемнай салідарнасці, гераічную паставу людзей, асабліва медыкаў, з мэтай ратаваць жыццё іншых.

Досвед пандэміі каранавірусу заклікае нас будаваць мір і забяспечваць справядлівасць у духу братэрства і салідарнасці. Толькі мір, які нараджаецца з братэрскай і бескарыслівай любові, можа дапамагчы пераадолець асабістыя, сацыяльныя і глабальныя крызісы (пар. ПДМ-56, 3).

5. Наступная балючая рэчаіснасць сучаснага свету, асабліва ў нашай геапалітычнай сферы, якую закраная Папа Францішак у сваім Пасланні — гэта вайна ва Украіне, якую ён называе «чумой нашага часу».

Яна не толькі забірае нявінныя ахвяры, знішчае інфраструктуру і пагражае існаванню самога чалавечага быцця, але таксама негатыўна ўплывае на ўвесь свет, аб чым сведчаць праблемы са збожжам і рост коштаў на паліва.

Гэтая вайна, разам з іншымі узброенымі канфліктамі ва ўсім свеце, з’яўляецца катастрофай для чалавецтва.

Калі вакцына супраць кавіда была знойдзена, то, на жаль, супраць вайны яе няма, бо гэты «вірус» паходзіць не звонку, а з сапсаванага грахом чалавечага сэрца (пар. ПДМ-56, 4), падкрэслівае Папа.

6. Разважаючы над актуальнай сітуацыяй у сучасным свеце, Пантыфік задаецца пытаннем: што ад нас сёння патрабуецца? І дае адказ: трагедыі сучаснасці павінны змяняць нашыя сэрцы так, каб мы яшчэ больш адкрыліся для паўсюднага братэрства. З мэтай яго дасягнення трэба памятаць аб тым, што маральныя, сацыяльныя, палітычныя і эканамічныя крызісы ўзаемазвязаныя, а нашыя індывідуальныя праблемы ўзнікаюць з прычыны або як наступства іншых.

У сувязі з гэтым Святы Айцец падкрэслівае, што мы павінны думаць пра сябе ў перспектыве агульнага дабра, у вымярэнні супольнасці, а гэта азначае быць адкрытымі на ўсеагульнае братэрства.

Таму неабходна вярнуцца да вырашэння праблемы аховы здароўя для ўсіх людзей; спрыяць мірным намаганням па спыненні канфліктаў і войнаў, якія працягваюць несці ахвяры і галечу; сумесна клапаціцца пра наш агульны дом, якім ёсць зямля; змагацца з вірусам сацыяльнай няроўнасці і забяспечваць харчаваннем і годнай працай усіх людзей. Мы балюча перажываем трагедыю галадаючых народаў. Неабходна развіваць прыём і інтэграцыю мігрантаў. Таму толькі натхнёныя бязмежнай і міласэрнай любоўю да Бога і бліжняга, мы зможам будаваць новы свет і Божае Валадарства любові, справядлівасці і міру.

Напрыканцы Паслання Папа Францішак выказвае спадзяванне, што ў Новым годзе мы зможам ісці разам, шануючы тое, чаму нас вучыць гісторыя. Пантыфік таксама выказвае свае навагоднія пажаданні кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў, адказным за міжнародныя арганізацыі і духоўным лідарам, і просіць для іх заступніцтва Марыі — Каралевы супакою (пар. ПДМ-56, 5).

7. З прадстаўленага вышэй аналізу Паслання Папы Францішка на Сусветны дзень міру відаць, што мір павінен праяўляцца ў трох вымярэннях — індывідуальным, грамадскім і міжнародным. Настаў час абудзіць свядомасць таго, што мы маем патрэбу адно ў адным і што ніхто з нас не можа выратаваць сябе сам. Таму ў дасягенні міру, падмуркам якога ёсць супакой у сэрцы кожнага чалавека, патрэбная салідарнасць паміж людзьмі.

Само Пасланне можна ахарактарызаваць трыма наступнымі словамі: увага, пакора і клопат.

Першае — увага, якая азначае неабходнасць выйсці па-за самога сябе, з вязніцы свайго эга, каб зразумець, што існуюць іншыя, з якімі мы павінны супольна вырашаць праблемы і будаваць новую будучыню.

Другое — пакора, якая дае магчымасць прыняць Божую волю і вучыцца ў іншых, асабліва духу ўзаемнай салідарнасці.

Трэцяе — клопат, які заклікае клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра нашых іншых братоў і сясцёр. Сапраўдны евангельскі клопат рэалізуецца праз любоў да Бога і бліжняга.

Няхай сёлетняе Пасланне Папы Францішка на Сусветны дзень міру дапаможа нам, выкарыстоўваючы досвед пандэміі каранавірусу і трагічных падзей ва Украіне і іншых частках свету, імкнуцца да такога патрэбнага ўсім нам супакою.

На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю вас у імя Айца, і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Старшыня Камісіі Агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 25 снежня 2022 г., урачыстасць Нараджэння Пана

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes (GS).\

2. Францішак. Пасланне на 56-ы Сусветны Дзень міру (ПДМ-56).

Абноўлена 29.12.2022 14:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.