У ноч Божага Нараджэння святую Імшу пастэрку ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі пробашч парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі i яго супрацоўнікі. На літургіі прысутнічалі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і Евангелічна-Лютэранскай Царквы. Каб перажыць хвіліны прыйсця ў свет Пана, у святыні сабраліся з малітоўным настроем і вялікай радасцю ў сэрцы вернікі парафіі i жыхары горада.
Як падкрэсліў у гаміліі біскуп Кашкевіч, у гэты выключны час Божае Дзіця чакае, калі мы звернем на Яго ўвагу і захочам выслухаць тое, што ў Яго ёсць сказаць нам. «Нованароджаны Збаўца жадае нам сказаць, што прыйшоў у гэты свет, каб перамяніць, перабудаваць, упрыгожыць не стаенку, а нашы сэрцы», — адзначыў іерарх.
«Пан Езус жадае, каб нашы сэрцы ззялі любоўю, дабрынёй, адзінствам, справядлівасцю, вернасцю, уменнем прабачаць і паядноўваць, прыхільнасцю да праўды», — дадаў біскуп.
Па словах пастыра дыяцэзіі, калі чалавечыя сэрцы будуць хоць бы крыху падобныя да Сэрца Езуса, мы зможам сказаць, што ў гэтай стаенцы сустрэлі Бога, і «тады нашае жыццё будзе зменена, а свет, у якім мы жывем, будзе нагадваць цудоўны, велічны, раскошны палац».
«Калі ж мы гэтага не зробім, калі не перабудуем нашыя сэрцы, не пераменім іх на ўзор Хрыста, паводле Яго слова, — то не варта думаць пра перабудову свету: гэта будзе толькі ілюзія, страта часу, ашукванне саміх сябе», — заўважыў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што сам чалавек не ў стане перабудаваць, змяніць сваё сэрца, але ў гэтым заўсёды дапамагае Божая ласка.
Прысутнасць Бога сярод нас, па словах іерарха, з’яўляецца не толькі сімвалам, бо дзве тысячы гадоў Езус працягвае прыходзіць да нас, і не толькі ў святы Божага Нараджэння.
«Пан Езус нараджаецца кожны дзень на кожным алтары свету. Прыходзіць да нас у таямніцы Эўхарыстыі, укрыты пад сакрамэнтальным відам хлеба. Бо Бэтлеем з габрэйскай мовы азначае „Дом хлеба“», — звярнуў увагу біскуп.
Ён дадаў, што гэтым домам хлеба, нашым Бэтлеемам, становіцца алтар, паўсюль, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, паўтараецца цуд сустрэчы Бога з чалавекам. «Кожны чалавек, без выключэння, запрошаны ў эўхарыстычны Бэтлеем, на асабістую сустрэчу з Хрыстом, укрытым у маленькай белай Гостыі», — сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Іерарх заахвоціў усіх прысутных адчыніць для Бога дзверы сваіх сэрцаў, з верай і ўдзячнасцю прыняць Яго ў святой Камуніі.
На заканчэнне літургіі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне сардэчна пажадаў вернікам вясёлых і спакойных святаў Божага Нараджэння. Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў, каб радасць, духоўная цеплыня, любоў і мір бэтлеемскай стаенкі былі ўдзеленыя кожнаму з іх, a таксама іх блізкім, хатнім, сябрам і ўсяму грамадству.