Пошук

23.12.2022 18:55   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Вольга Сяліцкая / Grodnensis.by

21 снежня, незадоўга да святаў Божага Нараджэння, у Гродне адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча для бедных, бяздомных i маламаёмных людзей.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на сустрэчу сабралося больш за 100 чалавек, якія жывуць у незадавальняючых умовах. У святочнай сустрэчы з малазабяспечанымі людзьмі ўзялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дырэктар гродзенскага Caritas ксёндз канонік Раман Рачко, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Юрый Марціновіч. Прысутнічаў таксама пастар лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.

Абед для ўдзельнікаў сустрэчы, як і кожны год, прыгатавалі законніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) разам з валанцёрамі пры падтрымцы Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Гродзенскай дыяцэзіі.

Усіх прывітаў ксёндз Раман Рачко, які растлумачыў традыцыю дзялення аплаткай і яе сімволіку. Святар падкрэсліў, што святы Божага Нараджэння заахвочваюць людзей быць добрымі адзін да аднаго і старацца дзяліцца любоўю.

Пастар Уладзімір Татарнікаў выказаў сабраным віншаванні, адзначыўшы, што святы заўсёды яднаюць людзей у адну сям’ю і нясуць неабходную надзею.

Трымаючы ў руках аплаткі, духавенства дзялілася імі з удзельнікамі сустрэчы, жадаючы міру і патрэбных дароў Пана Бога.

На абед удзельнікам былі прапанаваны фасолевы суп, бульба, а на дэсерт — пончык і кампот з сухафруктаў. Таксама яны атрымалі з сабой сімвалічныя прадуктовыя падарункі.

На заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне, пажадаўшы надзеі на лепшае заўтра.

Штогод у перадсвяточны час Касцёл хоча паказаць такім людзям, што яны не пакінутыя, што заўсёды могуць атрымаць патрэбную падтрымку, бо, як падкрэслівае Святы Айцец Францішак, «любоў да бедных знаходзіцца ў цэнтры Евангелля».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.