Пошук


22 снежня ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску на пастырскую сустрэчу сабараліся святары і кансэкраваныя асобы, якія нясуць служэнне ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Адвэнтавы дзень духоўнага засяроджання традыцыйна распачаўся з супольнай малітвы Літургіі гадзінаў, пасля чаго духоўны айцец святароў архідыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла прамовіў аскетычную канферэнцыю на тэму: «Ці святары сёння яшчэ патрэбныя? Калі так, то чаму?»

Звярнуўшы ўвагу на тое, што часам у духоўных асоб у выніку адустнасці заўважных плёнаў служэння, стомленасці, змяншэння колькасці вернікаў і іншага неагатыўнага досведу можа з’яўляцца знеахвочванне, духоўны айцец заўважыў, што пытанне пра тое, ці патрэбныя сёння святары, спалучана з пытаннем адносна таго, ці існуе праўда. Святар прыйшоў да высновы, што хоць праўда часта замоўчваецца, ставіцца пад сумнеў, рэлятывізуецца і нават высмейваецца і крытыкуецца, яна ўсё ж такі існуе і паходзіць ад Найвышэйшай Праўды — уцелаўлёнага Божага Слова, Езуса Хрыста.

Менавіта ў лучнасці з Ім і ў братэрскай еднасці з іншымі святарамі заахвоціў ксёндз Барыла пераадольваць знеахвочванне і іншыя крызісы святарскага і кансэкраванага жыцця.

Пасля канферэнцыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і паўгадзінная малітва адарацыі ў цішыні, а потым — святая Імша. Эўхарыстыю канцэлебравалі ўсе прысутныя святары на чале з арцыбіскупам эмэрытам Тадэвушам Кандрусевічам, які ўзначаліў цэлебрацыю, і Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім, які прамовіў гамілію.

У супольнай малітве з-за хваробы не змаглі ўзяць удзел другі Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які праз біскупа Касабуцкага перадаў сваё прывітанне сабраным на перадкаляднай сустрэчы святарам і кансэкраваным асобам.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі звярнуў увагу на сутнасць ужо блізкай урачыстасці Божага Нараджэння, якая часта губляецца ў перадсвяточнай мітусні. Паводле іерарха, галоўнае, што нясе з сабою гэтае свята — гэта сустрэча з Хрыстом, і святары павінны дапамагчы кожнаму чалавеку сустрэцца з Богам, які прыходзіць у гэты свет.

У якасці прыкладу такога святара, які дапамог вялікай колькасці людзей з многіх мясцін былога савецкага саюзу перажыць сустрэчу з Хрыстом, іерарх назваў пробашча парафіі ў Вішневе Валожынскага раёна ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, 21-я гадавіна смерці якога прыпала акурат у дзень сустрэчы духавенства.

Гэтаму святару давялося несці служэнне ў цяжкія часы пераследу веры. Неўзабаве пасля рэформы Другога Ватыканскага Сабору, пасля якой лаціна перастала быць адзінай літургічнай мовай Касцёла, ксёндз Чарняўскі атрымаў ад Папы Паўла VI благаслаўленне перакладаць літургічныя тэксты і Святое Пісанне на беларускую мову. Яго справу потым працягнулі іншыя, і сёння родная мова гучыць у каталіцкіх святынях па ўсёй Беларусі.

   

На заканчэнне святой Імшы з кароткім настаўленнем да прысутных звярнуўся таксама арцыбіскуп Кандрусевіч. Заслужаны іерарх звярнуў увагу на тое, што часам вынік вялікіх справаў залежыць ад дробязяў, і што нават невялікае занядбанне можа стаць прычынай вялікіх праблем. Арцыпастыр заахвоціў прысутных святароў не прапусціць сустрэчы з Хрыстом і не дазволіць даручаным іх пастырскай апецы вернікам размінуцца з Ім, а таксама выказаў віншаванні з надыходзячымі святамі.

Пасля Імшы ў дольным касцёле ўдзельнікі сустрэчы паводле старадаўняга мясцовага звычаю падзяліліся аплаткай і абмяняліся святочнымі пажаданнямі.

Атмасферу свята дапоўніў смачны пачастунак, які прыгатавалі гасцінныя вернікі мінскай катэдральнай парафіі на чале са сваім пробашчам, ксяндзом канонікам Антоніем Клімантовічам.

 

 

Абноўлена 22.12.2022 19:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.