Пошук

22.12.2022 19:33   Тэкст: Валянціна Міхайлоўская / Фота: Людміла Селівон / Catholic.by

Напярэдадні святаў Божага Нараджэння для дзяцей і іх бацькоў з каталіцкіх парафій святога Юзафа і святога Казіміра ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) была арганізавана пазнавальна-экуменічная экскурсія ў праваслаўныя святыні горада.

Маладзечанскія каталіцкія душпастыры, арганізоўваючы наведванне праваслаўных цэркваў, кіраваліся думкаю пра тое, што свята Божага Нараджэння асаблівым чынам яднае ўсіх вызнаўцаў Хрыста.

Падчас экскурсіі маленькія вернікі і іх бацькі наведалі праваслаўныя святыні Маладзечна — царкву Пакроваў Прасвятой Багародзіцы і кафедральны сабор Успення Прасвятой Багародзіцы.

Да святочнай сустрэчы з праваслаўнымі братамі дзеці і дарослыя падрыхтаваліся загадзя: спяклі духмяныя калядныя пірагі, склалі тэксты віншаванняў са шчырымі пажаданнямі.

Гасцей сустракалі праваслаўныя святары: благачынны протаіерэй айцец Віталій Багданёнак і дыякан Дзмітрый Яцэнка

На экскурсіі ўдзельнікі з цікавасцю пазнаёміліся гісторыю адраджэння і будаўніцтва цэркваў у Маладзечне, даведаліся пра факты з жыцця праваслаўных прыходаў, убачылі, як адчыняюцца галоўныя вароты іканастаса — так званыя «царскія», што вядуць у алтарную частку святыні.

Дзецям і ўсім ахвотным дазволілі дакрануцца да прыгожа ілюстраванай кнігі Евангелля ў кафедральным саборы Успення Прасвятой Багародзіцы.

У экскурсіі ўзялі ўдзел таксама сёстры з кангрэгацый Святой Сям’і з Назарэта і Місіянерак Святой Сям’і, якія нясуць служэнне ў маладзечанскіх парафіях.

З духоўным уздымам і прыемнымі ўражаннямі вярнуліся каталіцкія вернікі з экскурсіі, а таксама з планамі на новую сустрэчу запрасіць праваслаўных братоў і сясцёр у госці да сябе.

Дзеці і бацькі выказалі шчырую ўдзячнасць пробашчу парафіі святога Юзафа ксяндзу прэлату Эдмунду Даўгіловічу-Навіцкаму і пробашчу парафіі святога Казіміра брату Ігару Колзуну OFMCap за іх айцоўскі клопат і ўдзел у хрысціянскім выхаванні, за магчымасць адчуць еднасць з Богам і іншымі людзьмі.

 

Абноўлена 22.12.2022 19:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.