Пошук

16.12.2022 13:59   Аліна Залатар / Catholic.by

З 9 па 11снежня ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) праходзілі адвэнтавыя рэкалекцыі для студэнтаў і працоўнай моладзі, у якіх узялі ўдзел юнакі і дзяўчаты з Бабруйска, Віцебска, Глыбокага, Гродна, Івянца, Мінска, Мосара, Удзела, Шуміліна і іншых мясцін.

Тэмай для разважанняў на сёлетніх духоўных практыкаваннях у перыяд Адвэнту стаў псальм 139, таму самі рэкалекцыі мелі назву «Ад сэрца да Сэрца». Падчас канферэнцый, якія праводзіў айцец Віктар Мялешка OFMConv, моладзь разважала над даўно вядомымі «тэзісамі», якія ўсе з дзяцінства чулі і чуюць у касцёлах ад святароў і родных. Напрыклад, што Бог заўсёды побач з намі, Ён назірае за намі і мае заўсёды свой план. Бог ведае нас лепш за нас саміх; ведае ўсе нашыя слабасці, думкі і жаданні і адначасова захапляецца намі і нашым жыццём.

Наогул рэкалекцыяніст вызначыў сем умоўных тэзісаў, якія ўдзельнікі стараліся зразумець не толькі галавой, але па-сапраўднаму спасцігнуць і адчуць гэта сэрцам.

Увага была звернута і на той факт, што трэба рабіць высілак з нашага боку, важна давяраць і даваць свой поўны «дазвол» Езусу, каб Ён увайшоў у сэрцы і дзейнічаў там, змяняючы нашае жыццё.

Праграма складалася таксама з «асабістай пустыні» (час цішыні), споведзі, малітвы, адарацыі, дзялення ў групках. Быў час і для сумеснага адпачынку, размоў, спеваў, калі ўдзельнікі маглі ўзрастаць як супольнасць, каб пад канец трох дзён адчуць сябе сапраўднай сям’ёй, у якой трывае Божы супакой, любоў і ўзаемаразуменне.

Цікавым і вельмі плённым момантам стала адмова ўсіх удзельнікаў ад мабільных тэлефонаў на час рэкалекцый.

Ніхто не карыстаўся інтэрнэтам і, як аказалася, ніхто і не меў такой патрэбы. Такім чынам моладзь змагла прысвяціць час Богу, сабе і сваім бліжнім.

Адвэнтавыя рэкалекцыі атрымаліся вельмі ўтульнымі і багатымі на людзей, падзеі, перажыванні і сведчанні. Гэты час быў сапраўды важным і патрэбным, каб добра падрыхтавацца да надыходзячага Божага Нараджэння.

Наступныя рэкалекцыі для моладзі плануюцца на перыяд Вялікага посту. Таксама кожную трэцюю сераду месяца ў 20.30 праводзяцца моладзевыя анлайн-сустрэчы на віртуальнай платформе Zoom, на якія сардэчна запрашаюцца ўсе ахвотныя студэнты і працоўная моладзь. Бліжэйшая сустрэча запланавана на 22 снежня.

Акрамя таго, усіх ахвотных паглыбіць свае адносіны з Паннай Марыяй, каб даручыць Ёй свае справы і ўсё сваё жыццё, айцы францішкане запрашаюць на дні духоўнага аднаўлення пад назвай «Weekend з Марыяй» (WM), якія праходзяць у Удзеле ў першыя выходныя кожнага месяца. Наступны WM адбудзецца 3–5 лютага. Для ўдзелу неабходна прайсці рэгістрацыю ТУТ>>>

Падрабязная інфармацыя пра анлайн-сустрэчы і чарговыя рэкалекцыі будзе пададзена:

  • на старонцы ў сацыяльнай сетцы Instagram — @moladz_m_m
  • альбо па тэлефоне +375 (29) 772 56 78 — айцец Віктар Мялешка OFMConv.
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця