Пошук

12.12.2022 13:29   Тэкст: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

11 снежня ў Бараўлянах, што пад Мінскам, адбылася калядная сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з медыкамі і медычным персаналам.

Гэтай сустрэчай, якая адбылася ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачаўся цыкл сёлетніх аплаткавых сустрэч з удзелам іерархаў.

Арцыпастыра з караваем віталі на парозе сваёй святыні бараўлянскія парафіяне. Яны падкрэслілі гістарычнасць гэтай падзеі, бо арцыбіскуп Станеўскі ўпершыню наведаў іх парафію, а таксама засведчылі, што заўсёды радыя бачыць такога шаноўнага госця.

Іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы і ў прамоўленай гаміліі разважаў над тым, што мы ўсе чакаем Божага Валадарства, якое нам было абяцана ў Евангеллі, але падчас гэтага чакання варта быць цярплівымі.

Арцыпастыр адзначыў, што для таго, каб змяніць гэты свет, трэба распачаць перамену з самога сябе.

Паводле арцыбіскупа, імкненне звярнуць страчанае здароўе можа прывесці да веры, да церпячага Езуса. «Вера можа навярнуць, ачысціць і дазволіць чалавеку зразумець, што менавіта тады неба дапамагае і вучыць. Сам Хрыстус у сваёй моцы ўзяў на сябе нашыя раны, і вера ў любячага і заўсёды прысутнага Хрыста — гэта першы лек, які ўсё перамяняе», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што «быць лекарам — гэта не прафесія: гэта пакліканне да міласэрнай любові.

Пакліканне кожнага медыка, лекара, чалавека ў белым халаце — сведчыць словам і прыкладам, што чалавечае жыццё заўсёды святое, каштоўнае, недатыкальнае; яго трэба любіць і абараняць. Таму сёння, паважаныя медыкі, хочацца сказаць вам дзякуй за вашую цяжкую працу і час, які ахвяруеце», — дадаў, звяртаючыся да прысутных на Эўхарыстыі медыкаў, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля завяршэння святой Імшы дырэктар салезіянскай супольнасці ў Бараўлянах ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB запрасіў усіх на аплаткавую сустрэчу ў будынак араторыя, які функцыянуе пры парафіі.

Пробашч парафіі і адначасова адказны за душпастырства лекараў у архідыяцэзіі ксёндз Казімір Шыдэлка SDB падзякаваў арцыбіскупу Станеўскаму за малітву і прамоўленае слова і падкрэсліў вялікую важнасць супрацоўніцтва медыцынскіх работнікаў і Касцёла.

Перад пачаткам аплаткавай сустрэчы быў прачынаты традыцыйны ўрывак з Евангелля, а прарафіяльны хор заспяваў калядкі. Пасля сабраныя дзяліліся аплаткай, перапрашаючы адзін аднаго і выказваючы зычэнні на надыходзячы Новы год.

 

Абноўлена 13.12.2022 10:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа