Пошук

09.12.2022 18:46   Тэкст: Дар’я Семянько, Лілія Шайхова / Catholic.by
Фота Ліліі Шайховай

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў Бабруйск, дзе ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю ў каталіцкай святыні горада з нагоды парафіяльнага адпусту.

Адказнага за Магілёўскі рэгіён іерарха шчыра прывіталі бабруйскія вернікі на чале са сваімі душпастырамі: пробашчам парафіі ксяндзом канонікам Андрэем Яркаўцом і парафіяльным вікарыем ксяндзом Канстанцінам Каракам. На свята ў Бабруйск завіталі таксама госці: пробашч асіповіцкай парафіі айцец Натанаэль Войтала OFM, вікарый катэдральнай парафіі ў Магілёве ксёндз Павел Сідарэнка.

У прывітальным слове бабруйскі пробашч падзякаваў пастыру за яго апостальскае служэнне, а таксама падкрэсліў, што, «маючы такую магутную Заступніцу перад тронам Бога, мы маем магчымасць праз шчырую малітву да Марыі дастукацца да вяршыні Нябёсаў».

Біскуп Яшэўскі ў Эўхарыстыі маліўся аб наданні сілаў — чалавечых і духоўных — душпастырам бабруйскай парафіі і сёстрам законным, якія нясуць у ёй служэнне, каб здзяйснялі сваю місію рупліва і з запалам, а таксама аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця і аб вяртанні шматпакутнай бабруйскай святыні яе першапачатковага выгляду.

У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі засяродзіўся на духоўным значэнні Беззаганнага Зачацця Панны Марыі. Напачатку іерарх заўважыў, што «ў гэтым нашым свеце, які мы называем „далінай слёз“ — не таму, што мы песімісты, а таму, што ведаем, што былі створаныя для чагосьці лепшага, — мы ўсе адчуваем пэўную невымоўную настальгію. Але для Бога няма неабходнасці ў кнопцы перамоткі назад, і няма ў Бога такой рэчы, як „план Б“». Паводле іерарха, Бог дазваляе злу прыходзіць толькі для таго, каб Ён мог выкарыстаць яго як сродак для дасягнення большага дабра.

«Уцелаўленне Хрыста — гэта не проста пластыр, каб пакрыць рану Адама, і ўстанаўленне Касцёла не з’яўляецца проста другім, лепшым варыянтам для замены нявернага Ізраіля.

Калі Бог стварыў чалавека на свой вобраз, Ён сапраўды ўжо думаў пра Хрыста, якога святы Павел называе „вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усялякага стварэння“», — падкрэсліў пастыр.

Ён дадаў, што райская чысціня і непераўзыдзеная радасць «дзіцячай пляцоўкі чалавецтва» былі страчаны, і доўгія стагоддзі паказалі чалавеку неразважлівасць ягонага рашэння, што аддаліла яго ад Бога.

«Хоць пасля грэхападзення першых людзей Бог паабяцаў, што пашле Жанчыну і Яе Сына, якія перамогуць Змея, Ён зрабіў гэта не адразу. Святы Аўгустын кажа, што Збаўца прыйшоў у апошні час гісторыі, калі свет быў „як старасць пажылога чалавека“. Такім чынам, стан чалавецтва, якое чакае свайго Адкупіцеля, параўноўваецца з нядужасцю старасці. Гэта стан, які папярэднічаў Беззаганнаму Зачаццю», — зазначыў біскуп.

Паводле яго, Марыя прыйшла ў гэты свет у стане ласкі, гэта значыць свабоднай ад першароднага граху, які ўсе людзі атрымліваюць у спадчыну. Але гэта не значыць, што Марыя не мела патрэбы ў адкупленні Хрыстом. Гэта азначае, што Яна была адкуплена яшчэ больш дасканала, будучы захаванай ад граху, у той час як мы ачышчаныя ад яго.

«Менавіта Беззаганная Марыя з’яўляецца першым плёнам адкупленых. У тыя цяжкія гадзіны на крыжы, калі Ён складаў адплату за грэх Адама — і за наш, — Хрыстус мог з радасцю глядзець на сваю Маці і бачыць перамогу, якую ўжо атрымаў Яго крыж», — падсумаваў пастыр.

На заканчэнне гаміліі іерарх дадаў, што Беззаганнае Зачацце было суцяшэннем, якое дазволіла Пану перажыць у спакоі моманты спусташэння. «Беззаганнае Зачацце дае Хрысту глядзець на трыумф ласкі ў сваёй Маці і бачыць ужо выкананым абяцанне спакутаванаму чалавецтву, і сказаць, калі слёзы агоніі змешваюцца са слязьмі радасці: „Вось чыню ўсё новае“», — сказаў пастыр.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў вернікаў нястомна паўтараць словы прыгожай малітвы: «О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае», — каб мелі магчымасць ачышчацца ад бруду граху праз заступніцтва Той, якая была захавана ад грахоўнай плямы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа