Пошук


31-я Сусветныя дні моладзі ў Кракаве паступова ідуць да завяршэння. Суботні дзень у Кракаве нагадвае «перасяленне народаў»: сотні пілігрымаў крочаць у напрамку кампуса «Misericordiae», дзе ўвечары распачнецца моладзевае чуванне з удзелам Папы Францішка.

Многія нясуць з сабою спальнікі і карыматы, плануючы застацца на начным чуванні да раніцы. У іх ліку – і вялікая група пілігрымаў з Гродзенскай дыяцэзіі на чале з кс. Антоніем Грэмзам.

Перад выхадам у кампус, дзе адбудзецца чуванне, пілігрымы сабраліся на заключную святую Імшу для беларусаў у касцёле св. Максімільяна Кольбэ, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Віцебскі ардынарый – адзін з шасці прадстаўнікоў епіскапату Беларусі, якія прымаюць удзел у Сусветных днях моладзі. У Кракаве знаходзяцца таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Антоні Дзям’янка, біскуп Казімір Велікаселец і біскуп Юзаф Станеўскі.

Сваімі ўражаннямі ад СДМ некаторыя біскупы падзяліліся з Сatholic.by.

Удзел католікаў у СДМ – сведчанне адраджэння Касцёла ў Беларусі

Для біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча СДМ у Кракаве – другія па ліку. У пачатку 1990-х гадоў іерарх удзельнічаў у СДМ у Чэнстахове.

Падчас сёлетняй сустрэчы моладзі гродзенскі ардынарый прымаў удзел у святой Імшы з Папам Францішкам у санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках, а таксама на Яснай Гары, святая Імша на якой была прымеркавана да 1050-годдзя Хросту Польшчы.

«Гледзячы на шматлікіх пілігрымаў з розных кантынентаў, шчырых у сваёй радасці, я ўсвядоміў, наколькі цудоўным з’яўляецца час, які я магу назіраць – час, калі Божая міласэрнасць запаліла ўвесь свет», — адзначае іерарх.

«Хочацца, каб з СДМ беларуская моладзь узяла з сабою радасць і адкрытасць, давер – каб заўсёды была маладой у сваім сэрцы», — дадае біскуп.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, як і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, называе сустрэчу ў Кракаве першай у сваім святарскім жыцці.

«Я вельмі ўражаны колькасцю вернікаў, якія прыбылі сюды, — адзначае віцебскі ардынарый. — Вельмі цешыць, што шмат моладзі прыехала ў Кракаў з Беларусі. Гэта добры знак, які паказвае, што на нашай зямлі – так пацярпелай ад атэізму – моладзь з’яўляецца тым парасткам веры, які сведчыць пра адраджэнне Касцёла ў Беларусі».

Як прызнаецца біскуп Віцебскі, на СДМ у Кракаве пануе «вельмі прыязная атмасфера ўзаемапаразумення».

«Для Бога няма нічога немагчымага – хто ведае, магчыма, калі-небудзь СДМ могуць прайсці і ў Беларусі. Гэта залежыць ад Бога, ад нашага жадання і ад нашай малітвы», — заключае іерарх.

СДМ як духоўнае яднанне

Біскуп Юзаф Станеўскі ў каментарыі Сatholic.by адзначае, што, як адказны за працу з моладдзю пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, суправаджае моладзь з моманту адпраўлення адмысловага цягніка «Гродна-Кракаў»:

«Вельмі радасна перажываць тое ж, што перажываюць яны, – я быццам і сам станаўлюся маладым і бадзёрым. Маю надзею, што праз гэту весялосць моладзь не забываецца на малітву і руплівасць ва ўзрастанні веры і адданасці Касцёлу і Богу».

Гаворачы пра касцёл св. Максімільяна Кольбэ, які на час СДМ стаў «другім домам» для беларускай моладзі, біскуп адзначыў, што «на сустрэчу са Святым Айцом мы ідзём слядамі нашых святых» – як вядома, святы Максімільян Кольбэ пэўны час працаваў у Гродне.

«Добра, што СДМ існуюць, і важна, каб наша моладзь цаніла гэтую магчымасць духоўнага яднання з каталіцкай моладдзю ўсяго свету. На жаль, у часы маёй маладосці такіх сустрэч не было».

СДМ – пілігрымка веры і братэрства

Сапраўдным рэкардсменам па ўдзелу ў СДМ сярод членаў беларускага епіскапату з’яўляецца Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, для якога гэта ўжо дзявятая сустрэча моладзі.

«Мяне вельмі цешыць, што такія СДМ праводзяцца, — прызнаецца іерарх. — Гэта не толькі сустрэча са Святым Айцом, але і сустрэча з аднагодкамі ўсяго свету. І ў гэтым перасячэнні сусветных культур, моў і традыцый і праяўляецца паўсюднасць Каталіцкага Касцёла».

Прыгадваючы выказванне св. Яна Паўла ІІ пра тое, што «моладзь – гэта надзея для свету», арцыбіскуп адзначае, што як душпастыр заўсёды хацеў бы мець гэтую надзею.

«Нездарма адзін з дакументаў Касцёла – Пастырская канстытуцыя аб Касцёле ў сучасным свеце – носіць назву “Gaudium et spes” (радасць і надзея): моладзь – гэта не толькі радасць, але заўсёды і надзея. Я з вялікай надзеяй і з радасцю гляджу на гэтых людзей – удзельнікаў СДМ», — дадае іерарх.

«Мне ўжо 70 гадоў, але, прыбываючы на СДМ, я сапраўды маладзею, бачачы столькі моладзі. Яна прыехала не на экскурсію ў гістарычны Кракаў, але каб дакрануцца да Бога, каб паглыбіць сваю веру і засведчыць яе перад моладдзю іншых краін.

Мне вельмі спадабалася, як у сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў СДМ сказаў Папа Францішак: “Гэты форум моладзі – пілігрымка веры і братэрства”. Так яно і ёсць».

Абноўлена 30.11.2017 12:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.