Сусветныя дні моладзі ў Кракаве кожнаму яго ўдзельніку запомняцца па-свойму. Аднак не знойдзецца, відаць, таго, каго б не кранулі прыязныя ўсмешкі, спевы і дух адзінства каталіцкай моладзі з усяго свету, якімі быў запоўнены Кракаў гэтымі днямі.
Журналісты Сatholic.by распыталі беларускіх удзельнікаў СДМ аб тым, якія ўражанні яны возьмуць з сабою ў Беларусь і чым будуць дзяліцца з роднымі і блізкімі пасля вяртання дадому.
f
Валянцін Сінкевіч, парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах:
«У Кракаве я ў свой час вучыўся, а сёння і працую – і праз увесь гэты час меў магчымасць назіраць, як рыхтаваўся горад да СДМ. Вельмі заўважна гэта было ўжо за паўгода – усе толькі пра гэта і размаўлялі (усміхаецца). А апошні месяц перад СДМ некаторыя кракаўцы пачалі паціху выязджаць з горада. Сюды прыехалі сотні тысяч маладых людзей – горад вельмі ажыў».
fГанна Максіменка і Эвеліна Вайтовіч, парафія Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску:
Ганна:
«На СДМ сапраўды адчуваеш сябе з’яднаным з рознымі народамі. Тут няма межаў, але ёсць еднасць і сапраўдная любоў. Калі разумееш, што ў адзін і той жа момант столькі людзей прымае Камунію – Цела нашага Збаўцы – гэта проста неверагодна! Я вазьму з сабою пачуццё еднасці і таго, што хрысціянская моладзь – вялікая сіла. Гэтым досведам трэба дзяліцца – асабліва на ўсходзе Беларусі, дзе каталіцтва не такое шматлікае».
Эвеліна:
«Падчас СДМ я была ўражана духам адзінства і адкрытасцю людзей, якія ва ўсім былі гатовыя прыйсці табе на дапамогу – незалежна ад таго, былі гэта валанцёры СДМ ці звычайныя жыхары Кракава. Яшчэ я адзначыла б роўнасць паміж усімі намі – адзінства і простасць, якія можна было назіраць. Менавіта гэта я і вазьму ў сваім сэрцы, вяртаючыся ў Беларусь».
dВольга Ражкова, парафія Св. Андрэя, апостала, у Нарачы:
«Мяне кранула прамова Папы – яна была вельмі змястоўная. Для мяне ўсё тут вельмі новае – я не чакала, што будзе столькі нацыянальнасцяў; цяпер па-сапраўднаму разумею, як шмат католікаў ў розных краінах! Я прыехала ў Кракаў з дачкой Міланай, ёй дзевяць гадоў. Сёлета ўпершыню хадзілі ў Будслаў, а цяпер прыехалі на Дні моладзі – і вельмі шчаслівыя. Мы будзем усім раіць пры магчымасці ўдзельнічаць у падобных сустрэчах. Бо словамі цяжка перадаць усё, што бачыш і чуеш тут».
fМарта Зайко і Марыя Углік з Гродна дадаюць, што ўдзельнікі СДМ сталі сапраўднай Хрыстовай сям’ёй, якая сведчыла пра любоў да Бога не толькі малітвай, але і песняй, танцам, а галоўнае – прабываннем разам у адной вялікай супольнасці.
Раман Вайцяховіч, навучэнец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне:
«Для мяне вялікім сведчаннем падчас СДМ стала прысутнасць маладых католікаў з розных куткоў свету: усе мы размаўлялі на розных мовах, але ўсіх нас яднала вера ў адзінага Бога. Праз супольны ўдзел у Імшы са Святым Айцом кожны з нас закранула ласка Святога Духа. Напоўненыя радасцю ў Хрысце і супакоем, мы вяртаемся дадому, каб дзяліцца гэтым з іншымі». Бажэна Жыдок, парафія Маці Божай Каралевы і Ганна Ільяшэвіч, парафія Узвышэння Святога Крыжа з Брэста:
Ганна:
«Я з’яўляюся членам суполкі Дзяцей Марыі ў нашым парафіяльным касцёле, ужо некалькі разоў прымала ўдзел у марыйных моладзевых сустрэчах. Але на такіх глабальных мерапрыемствах, як СДМ, дагэтуль не была. Такой масавасці яшчэ ніколі ў жыцці не бачыла! Усё вельмі ўражвае – шмат моладзі, шмат знаёмстваў. Усе нібыта розныя, але пры гэтым мы ўтвараем адно цэлае – як думкамі, так і малітвай».
Бажэна:
«Я таксама вельмі ўражана маштабнасцю. Найбольш уражваючым момантам стаў для мяне прыезд Папы. Калі бачыш пасля ў паведамленнях СМІ, што Пантыфік праязджаў у трамваі, сэрца пачынае моцна калаціцца, бо некалькі гадзін таму гэтым трамваем магла ехаць ты сама – гэта проста неверагодныя пачуцці! Таму мае вочы поўныя слёз радасці: людзей вельмі шмат, але кожны табе ўсміхаецца. Я ўбачыла сапраўды жывы Касцёл».
fС. Наталля Бяляева OP, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску:
«Раней я ўжо бачыла Папу Рымскага двойчы – адзін раз у Рыме і аднойчы ў Кракаве, калі гэты горад яшчэ наведваў Папа Ян Павел ІІ. Моцных адрозненняў няма, таму што паўсюдь, дзе ёсць моладзь – прысутная атмасфера радасці і з’яднанасці.
Мы адно цэлае – нас шмат у свеце. Зараз я нясу служэнне ў Бабруйску – і часам у школах у класе толькі па 1-2 католікі. Ім вельмі цяжка быць у меншасці... Калі ж яны бачаць, колькі моладзі прыехала на СДМ, то радасць, як кажуць, б’е фантанам. Гэта ўзмацняе іх веру і дае аптымізм ісці наперад!»
fАлеся Хмельнік разам з Мікітам Канашыцам і Антонам Барылам прыехала на СДМ у Кракаў з Віцебскай дыяцэзіі.
На фота: Алеся Хмельнік з парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе, Мікіта і Антон з парафіі Святой Тройцы ў Докшыцах
Моладзь прызналася, што пасля вяртання ў Беларусь будзе раіць сваім блізкім і знаёмым таксама калі-небудзь прыняць удзел у СДМ.
«Мы не чакалі, што ўсё будзе настолькі ўражваюча: тыя спадзяванні, з якімі мы ехалі сюды – нішто ў параўнанні з пачутым і пабачаным! Радасна ўсведамляць, што ва ўсіх, хто тысячамі прыбыў на сустрэчу з Папам, была адна мэта – еднасць з Хрыстом».
f
Юлія Шэдзько, архікатэдральная парафія імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску:
"У параўнанні з сустрэчамі ў Мадрыдзе і Кёльне Кракаў запомніцца мне як самая малітоўная сустрэча: глыбокія набажэнствы ў духу св. Яна Паўла II, неверагодны Крыжовы шлях, рэліквіі шасці святых у горадзе; шмат касцёлаў, дзе заўжды ў рэжыме нон-стоп трывала малітва...
Моладзь, якая прыязджае сюды, за тыдзень загартоўваецца духам СДМ так, што становяцца падобнай – з агульнай радасцю і агнём ў вачах, з агульным імкненнем быць адным цэлым – адзіным Хрыстовым целам і дзяліцца сваёю вераю з іншымі"
f
Аляксей Табола, парафія Маці Божай Будслаўскай у Мінску:
«Убачыць ўжывую Папу Рымскага і прысутнічаць на сустрэчы з ім – вельмі яскравае ўражанне і эмоцыі, якія цяжка перадаць, але якія павінен перажыць кожны. Мне вельмі запомніцца адкрытасць людзей і гасціннасць палякаў. Магчыма, калісьці СДМ пройдзе і ў Беларусі – думаю, Гродна мог бы стаць добрым кандыдатам для прыняцця падзеі такога маштабу».