Пошук

27.07.2018 11:31   Паводле: Vatican News / Catholic.by

27 ліпеня 2016 г. папа Францішак прыбыў у Кракаў (Польшча), каб з юнакамі і дзяўчатамі з усяго свету ўзяць удзел у ХХХІ Сусветных днях моладзі на тэму: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць» (Мц 5, 7).

У горадзе, звязаным з жыццём і служэннем св. Яна Паўла ІІ і св. Фаўстыны Кавальскай, папа Францішак заклікаў моладзь пакінуць у свеце знак, вучачы дарослых «жыць разам у адрозненнях».

Такім чынам мінула ўжо два гады з таго часу, калі польскі Кракаў сабраў сотні тысяч маладых людзей са 187 краін свету, у тым ліку і з Беларусі. Эксклюзіўныя кадры, знятыя аператарамі Ватыканскага тэлецэнтра, дазваляюць сёння нанава перажыць тыя хвалюючыя моманты сустрэчы моладзі са Святым Айцом у год надзвычайнага юбілею міласэрнасці.

У кароткім відэа мы бачым, як адразу пасля прыбыцця Папу радасна вітаюць удзельнікі Дзён моладзі і іх гасцінныя польскія гаспадары. У наступны дзень Святы Айцец наведаў санктуарый Найсвяцейшай Панны Марыі ў Чэнстахове, дзе ў дар Маці Божай прынёс залатую ружу, як перад ім гэта ўжо рабілі бл. Павел VI, св. Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI.

На першую сустрэчу з моладдзю папа Францішак прыехаў на трамваі разам з 15-ю дзецьмі-інвалідамі і іх апекунамі. Моцны дождж не змог згасіць запалу і энтузіязму ўдзельнікаў супольнай малітвы на кракаўскім полі Блоні.

Суботні дзень Пантыфік распачаў з наведвання санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках, што ў паўднёвай частцы Кракава. Там ён памаліўся перад рэліквіямі св. Фаўстыны Кавальскай, паспавядаў некалькіх маладых людзей, а таксама ўшанаваў рэліквію крыві св. Яна Паўла ІІ.

У гэты дзень папа Францішак паабедаў з кардыналам Дзівішам і трынаццацю маладымі людзьмі, якія ўдзельнічалі ў СДМ у якасці валанцёраў. Увечары ў Кампусе Міласэрнасці на ўскраіне горада Святы Айцец, трымаючыся за рукі з шасцю маладымі людзьмі, прайшоў праз браму Міласэрнасці. Пасля гэтага там былі прадстаўлены сцэнкі на тэму «Езус — крыніца міласэрнасці», якія суправаджаліся сведчаннямі і пытаннямі моладзі.

У апошні дзень СДМ на апошняй св. Імшы з Папам сабраліся больш за паўтара мільёна юнакоў і дзяўчат. Папа паслаў іх у свет як вучняў і сведкаў Божай Міласэрнасці, каб яны абвяшчалі Евангелле Хрыста, ідучы за Ім па жыццёвых шляхах.

Пасля Камуніі Святы Айцец Францішак уручыў маладым людзям лампаду — знак Хрыстовага святла, пасля чаго развітаўся з моладдзю да наступнай сустрэчы на СДМ у Панаме ў 2019 г.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.