ПАВЕДАМЛЕННЕ
з нагоды распачацця ў Пінскай дыяцэзіі Года надзеі
ў межах падрыхтоўкі да юбілею 100-й гадавіны Пінскай дыяцэзіі
«Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй».
(Рым 15, 13)
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Год таму, у першую нядзелю Адвэнту, мы распачалі вялікую духоўную падрыхтоўку да святкавання юбілею сотай гадавіны Пінскай дыяцэзіі.
Першы год падрыхтоўкі быў прысвечаны тэме веры. Усе разам мы прыкладалі шматлікія намаганні, каб з Божай дапамогай аднавіць усё тое, што з’яўляецца выразам — знешнім і ўнутраным — нашай веры: малітоўнае жыццё, выгляд святынь, прыдарожных крыжоў і капліц, рэлігійных знакаў у кожным нашым доме і месцы працы. Дзякуем Міласэрнаму Богу за гэты плённы час духоўнага аднаўлення.
Сёлета, у Першую нядзелю Адвэнту 2022 года, мы распачынаем другі год падрыхтоўкі да радаснага юбілею: Год надзеі.
Хочам прысвяціць гэты час асабліваму высілку па аднаўленні ўсяго, што звязана ў нашым жыцці з хрысціянскай цнотай надзеі.
Наша надзея — гэта перадусім маладое пакаленне вернікаў: дзяцей, моладзі, маладых сужэнстваў, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў — будучых святароў. Яны — тыя, хто патрабуе найбольшага нашага клопату і падтрымкі, каб дадзеная ім у святых сакрамэнтах ласка прынесла шчодры плён у будаванні Божага Валадарства.
Наша надзея — гэта ўжо адноўленыя і новапабудаваныя парафіяльныя святыні, дзе кожны ахвотны можа перажыць асаблівую сустрэчу з жывым Богам, карміцца святымі сакрамэнтамі Касцёла.
Наша надзея — гэта ўсе тыя, хто нястомна абвяшчае Божае слова, нясе святло Евангелля з дапамогай вуснага і друкаванага слова, якое гучыць на шматлікіх рэкалекцыях, духоўных сустрэчах і набажэнствах. Гэта тыя, хто абвяшчае Божае слова з дапамогай часопісаў і газет, радыё і тэлебачання, шматлікіх інтэрнэт-пляцовак і сацыяльных сетак. Гэта ўсе тыя, хто рупіцца ў справе новай евангелізацыі і катэхізацыі, дзеліцца скарбам веры з дзеткамі, моладдзю, сужэнствамі, веруючымі і няверуючымі.
Наша надзея — гэта адноўленыя і добра функцыянуючыя парафіяльныя супольнасці, з’яднаныя ў адзіную дыяцэзіяльную сям’ю праз ахвярнае служэнне святароў, дыяцэзіяльнага біскупа, Канферэнцыі біскупаў, Апостальскага нунцыя, трываючы разам у еднасці са Святым Айцом Францішкам — наступнікам святога Пятра і бачным галавою Хрыстовага Касцёла.
Наша надзея — гэта глыбокія хрысціянскія карані, якімі прасякнута і на якія абапіраецца культура нашага народа. Гэта тая багатая спадчына і моцны падмурак веры шматлікіх пакаленняў нашых продкаў, на якіх мы ўпэўнена можам будаваць нашу будучыню.
Наша надзея — гэта сведчанне веры, бясцэнны скарб досведу і, як верым, магутнага нябеснага заступніцтва вялікіх нашых папярэднікаў на шляху збаўлення, жыццёвы шлях якіх быў звязаны з парафіямі Пінскай дыяцэзіі. Гэта святы Андрэй Баболя, галоўны нябесны заступнік нашай дыяцэзіі, святы Казімір, рэліквіі якога захоўваліся ў Ружанскім касцёле, святы Рафал Каліноўскі, які ў свой час жыў і працаваў у Брэсце, святы Язафат Кунцэвіч, благаслаўлёная Баляслава Лямэнт, Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, першы біскуп Пінскі, сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк і шматлікія іншыя духоўныя і свецкія асобы, якія будавалі моцную надзею на будучыню Касцёла на нашай зямлі.
Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі актыўна ўключыцца ў духоўнае перажыванне Года надзеі, ахінуць асаблівай малітвай, падтрымкай і клопатам усе тыя сферы нашага духоўнага жыцця, якія мацуюць нашу надзею.
Няхай Дух Святы напоўніць нашыя сем’і, асабліва дзяцей і моладзь, руплівасцю ў справе паглыблення веры і ў будаванні сённяшняга і заўтрашняга дня свайго жыцця на моцным падмурку, якім ёсць Езус Хрыстус — Адзіны Збавіцель свету.
З пастырскім благаслаўленнем,
✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 22 лістапада 2022 г.
P.S. Святарам належыць абвясціць гэтае Паведамленне вернікам падчас кожнай святой Імшы ў Першую нядзелю Адвэнту 27 лістапада 2022 года і змясціць яго тэкст на парафіяльнай дошцы аб’яваў на перыяд усяго Года надзеі.