Пошук

23.11.2022 16:49   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Галіна Валюшка / Grodnensis.by

У нядзелю 20 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у маладой гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай адбылося благаслаўленне часовай капліцы і закладка вуглавога каменя пад будоўлю парафіяльнага касцёла.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, паведамляючы пра ўрачыстую падзею, у якой узялі ўдзел арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, нагадвае, што парафія благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай была афіцыйна зарэгістравана тры гады таму. Яна ахоплівае тэрыторыю гарадскіх мікрараёнаў Ласосна i Баранавічы, а таксама вёскі Тарусічы.

Праз год была выдзелена пляцоўку пад будаўніцтва касцёла, якое распачалося мінулым летам. Святыня ў Гродне стане першым у свеце касцёлам, пабудаваным ў гонар благаслаўлёнай Мар’яны. Падчас Другой сусветнай вайны Мар’яна Бярнацкая аддала сваё жыццё за цяжарную нявестку і была расстраляная нацыстамі ў ліпені 1943 года на фартах у Навумавічах, непадалёк ад мікрараёна Баранавічы, дзе цяпер узводзіцца касцёл.

Вуглавы камень будучай святыні паходзіць з роднага дома Мар’яны Бярнацкай у Ліпску (Польшча). Ён быў перададзены праўнукам благаслаўлёнай Станіславам Бэтко.

Акрамя таго, у гэты дзень былі ўрачыста ўнесены рэліквіі благаслаўлёнай, якія перадаў маладой парафіі біскуп Элцкі Ежы Мазур SVD. Гэта кавалак тканіны, сатканай уласнаручна Мар’янай Бярнацкай.

На ўрачыстасці сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Напачатку адбылося благаслаўленне і закладка каменя, а таксама падпісанне адпаведнага дэкрэта. Потым арцыбіскуп Кандрусевіч благаславіў часовую капліцу і ўзначаліў у ёй цэлебрацыю Імшы, якую з ім канцэлебравалі біскуп Кашкевіч і святары на чале з дэканам Сапоцкінскага дэканату ксяндзом Антоніем Абухоўскім.

У гаміліі на падставе чытання з Евангелля арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на Хрыста як Валадара Сусвету, які прыйшоў здзейсніць не палітычную рэвалюцыю, як гэтага хацелі многія, а духоўную: выбавіць свет з грахоўнай няволі. Ён зрабіў гэта, як адзначыў іерарх, праз пасхальную таямніцу смерці і змёртвыхпаўстання.

«Таму Яго трон — не каралеўскі трон зямных валадароў, а крыж; Ён не апрануты ў залатыя адзенні, а прыбіы да крыжа і аголены; Яго акружаюць не слугі, а злыя жаўнеры і ўзбунтаваны народ; Ён не праклінае сваіх забойцаў, а просіць Нябеснага Айца прабачыць ім, а злодзею, які шкадуе за свае грахі, абяцае неба», — нагадаў арцыбіскуп.

Ён адзначыў, што вуглавы камень мае вялікае значэнне ў будоўлі: матэрыяльны камень сімвалізуе духоўны, якім з’яўляецца Хрыстус, і на якім засноўваецца наша вера.

«Хрыстус кажа, што „адкінуты камень стаў галавою вугла“.

Сімвалічна, што вуглавы камень касцёла, які будуецца, узяты з роднага дома апякункі парафіі, благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай. Яна таксама была адкінутая, бо аддала сваё жыццё за нявестку, склала жыццё на алтары мучаніцтва, каб на алтары будучага касцёла складалася Эўхарыстычная ахвяра», — заўважыў іерарх.

Па яго словах, благаслаўленне капліцы азначае, што касцёл пачынае выконваць сваю місію месца сустрэчы чалавека з Богам праз абвяшчэнне Божага слова, удзел у сакрамэнтах, служэнне міласэрнасці і іншыя праявы рэлігійнага жыцця.

Іерарх пажадаў вернікам паспяхова працягваць будаўніцтва святыні. Дадаўшы, што ў жыцці шмат дарог, ён заахвоціў не забывацца пра дарогу да капліцы і да будучага касцёла, «дзе іх чакае Хрыстус, Валадар Сусвету, каб весці ў сваё Валадарства».

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі ксёндз канонік Юрый Марціновіч выказаў словы радасці і надзеі. «У нас ёсць свой дом малітвы, які ў будучыні ператворыцца ў прыгожую, цудоўную святыню», — сказаў святар, заахвоціўшы вернікаў дзякаваць Богу за Яго благаслаўленне і ласкі для маладой парафіяльнай супольнасці.

Пробашч дадаў, што, маючы такую ўнікальную апякунку, благаслаўлёную Мар’яну, парафіяне будуць і надалей імкнуцца будаваць добрыя, цёплыя і чулыя адносіны ў сем’ях, дома і ў парафіяльнай супольнасці.

Дзеці як наймалодшыя прадстаўнікі парафіі падзякавалі прысутным іерархам, свайму душпастыру, а таксама сёстрам сэрцанкам за служэнне ў іх супольнасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця