У суботу 19 лістапада, у межах святкавання Апекаў Маці Божай, якія адзначаюцца ў Вільні на працягу тыдня з нагоды ўрачыстасці Маці Міласэрнасці Вастрабрамскай, у касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме будзе цэлебравацца святая Імша на беларускай мове.
Як паведамлялася, 10 лістапада копіі цудадзейных абразоў Багародзіцы з беларускіх Марыйных санктуарыяў прыбылі ў Вільню, дзе яны будуць знаходзіцца да 20 лістапада.
Перэгрынацыя прымеркавана да святкавання Апекаў Маці Божай, што адбываецца на працягу тыдня з нагоды ўрачыстасці Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці — найбольш славутага абраза Багародзіцы на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая ўрачыстасць штогод адзначаецца 16 лістапада.
Абразы з Беларусі выстаўленыя для ўшанавання і малітвы ў крыпце касцёла святой Тэрэзы пры Вострай Браме.
Як падкрэслівае ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, ініцыятар перэгрынацыі копій цудатворных ікон, галоўнай мэтай перэгрынацыі абразоў у Вільню з’яўляецца думка пра беларусаў, якія тут жывуць, каб кожны, хто цяпер знаходзіцца па-за Бацькаўшчынай, мог такім чынам дакрануцца да духоўнай спадчыны Беларусі, якой з’яўляюцца Марыйныя санктуарыі нашай краіны.
З Беларусі ў Вільню прыбылі 14 абразоў. Трынаццаць з іх змешчаны ў крыпце касцёла святой Тэрэзы, якую можна наведваць штодзённа з 13 па 20 лістапада.
Збор ікон з беларускіх Марыйных санктуарыяў у Вільні дапоўніць 14-ы абраз — копія іконы Маці Божай Вастрабрамскай, якая будзе благаслаўлёная 19 лістапада падчас святой Імшы на беларускай мове ў касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме.
Духоўна далучыцца да супольнай малітвы можна з дапамогаю прамой трансляцыі, якая распачнецца ў а 16-й гадзіне па мінскім часе.