Пошук

11.11.2022 11:46   Тэкст: кс. Міхал Бубен / Фота: Дзмітрый Леановіч / Catholic.by

10 лістапада копіі цудадзейных абразоў Багародзіцы з беларускіх Марыйных санктуарыяў прыбылі ў Вільню, дзе яны будуць знаходзіцца да 20 лістапада.

Перэгрынацыя прымеркавана да святкавання Апекаў Маці Божай, што адбываецца на працягу тыдня з нагоды ўрачыстасці Маці Божай Вастабрамскай, Маці Міласэрнасці — найбольш славутага абраза Багародзіцы на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая ўрачыстасць штогод адзначаецца 16 лістапада.

Абразы з Беларусі будуць выстаўленыя для ўшанавання і малітвы ў крыпце касцёла святой Тэрэзы пры Вострай Браме.

Як падкрэслівае ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, ініцыятар перэгрынацыі копій цудатворных ікон, галоўнай мэтай перэгрынацыі абразоў у Вільню з’яўляецца думка пра беларусаў, якія тут жывуць, каб кожны, хто цяпер знаходзіцца па-за Бацькаўшчынай, мог такім чынам дакрануцца да духоўнай спадчыны Беларусі, якой з’яўляюцца Марыйныя санктуарыі нашай краіны.

З Беларусі ў Вільню прыбылі 14 абразоў, 13 з якіх змешчаны ў крыпце касцёла святой Тэрэзы, якую можна наведадаць штодзённа з 13 па 20 лістапада.

Плануецца, што збор ікон з беларускіх Марыйных санктуарыяў у Вільні дапоўніць 14-ы абраз — копія іконы Маці Божай Вастрабрамскай, якая будзе благаслаўлёная 19 лістапада ў 15.00 па мясцовым часе падчас святой Імшы на беларускай мове ў касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа