Пошук

15.11.2022 11:09   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

З 6 па 13 лістапада ў парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) праходзілі трэція з часу вяртання мясцовым вернікам касцёла Святыя місіі, якія правялі тут ксяндзы рэдэмптарысты.

Гэтыя місіі сталі ўжо трэцімі ў пасляваеннай гісторыі свірскай парафіі. Велічны касцёл у мястэчку Свір у савецкія часы быў ператвораны ў філіял завода. Парафіяльную святыню вярнулі вернікам у 1990 годзе.

Першыя Святыя місіі пасля дзесяцігоддзяў ваяўнічага атэізму прайшлі ў парафіі ў лістападзе 2002 года.

Дваццаць гадоў таму іх праводзілі айцы з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў Ян Фібэк OFMCap і Анджэй Краўчык OFMCap.

У лістападзе 2012 года Святыя місіі ў свірскай парафіі правялі Місянеры Аблаты Марыі Беззаганнай ксёндз Дзмітрый Занямонскі ОМІ і ксёндз Анджэй Юхневіч ОМІ.

Сёлетнія місіі для вернікаў парафіі, што ахоплівае мястэчка Свір і паўтара дзясятка навакольных вёсак, правялі ксяндзы з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля — рэдамптарысты Эдвард Пяцельчыц CSsR і Андрэй Урублеўскі CSsR.

Місіі распачаліся ў нядзелю 6 лістапада і працягваліся да наступнай нядзелі. Кожны дзень меў сваё адмысловую тэматыку.

Сустрэчы з вернікамі, малітвы і набажэнствы праходзілі не толькі ў парафіяльным касцёле ў Свіры, але і ў дзвюх капліцах, якія дзейнічаюць на тэрыторыі парафіі: святога Войцеха ў Вялікай Страчы і святых апосталаў Пятра і Андрэя ў Дабраўлянах.

Увечары ў панядзелак пасля святой Імшы адбыўся Крыжовы шлях па вуліцах мястэчка. Яго ўдзельнікі з запаленымі свечкамі ў руках разважалі над мукай Збаўцы і Яго смерцю на крыжы. Аўторак стаў днём пакаяння, калі адбываліся пакутныя набажэнствы, серада — днём споведзі. У чацвер з удзелам вялікай колькасці вернікаў адбывалася адарацыя святога Крыжа, а ў пятніцу сужэнцы парафіі аднавілі свае сужэнскія абяцанні. У суботу падчас святых Імшаў святары ўдзялялі старэйшым і нямоглым сакрамэнт намашчэння хворых.

У мінулую нядзелю, што стала заключным днём місій, адбылося традыцыйнае благаслаўленне крыжоў. На трох вялікіх місійных крыжах каля капліц і парафіяльнага касцёла з’явіліся таблічкі ў памяць пра місіі, якія правялі ксяндзы рэдэмптарысты. На святую Імшу парафіяне прынеслі крыжы са сваіх дамоў на знак веры ў Езуса Хрыста — адзінага Збаўцы свету.

Высока ўздымаючы іх угору, яны такім чынам сведчылі аб гэтай веры і прасілі Божага благаслаўлення для сябе, для сваіх родных і блізкіх, для ўсіх мясцовых жыхароў.

Святыя місіі сталі часам ласкі, умацавання веры, аднаўлення еднасці з Хрыстом і Яго Касцёлам у Духу Святым, для якога нанава адкрыліся шматлікія сэрцы вернікаў свірскай парафіі.

 

Абноўлена 15.11.2022 15:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.