У чацвер на кракаўскіх Блонях адбылася першая сустрэча Папы Рымскага Францішка з маладымі людзьмі, якія прыбылі на Сусветныя дні моладзі ў Польшчу.
Гэта сустрэча стала першай у межах сёлетніх СДМ і на яе прыбыло каля 600 тысяч католікаў cа 187 краін свету.
Адметна, што падчас прэзентацыі шасці кантынентаў еўрапейскую частку Еўразіі прадстаўляла беларуска Наталля Скіпар – салістка музычнага тэатра ў Любліне, выпускніца аддзялення музыкалогіі Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне.
Дзяўчына, якая мае класічнае меца-сапрана, выканала кароткі спеў на беларускай мове, у якім распавядалася пра ўклад св. Вінсэнта дэ Поля ў распаўсюджванне Божай міласэрнасці ў Еўропе.
Такім чынам, прадстаўленне Еўропы перад удзельнікамі СДМ і Папам Рымскім адбылося па-беларуску. Канцэпцыяй прэзентацыі былі абраны аповеды пра святых – па адным на кожны з кантынентаў. Прадстаўнікі кантынентаў былі апрануты ў стылізаваныя нацыянальныя строі тых рэгіёнаў, якія яны прадстаўлялі.
Вучыцца ў моладзі
Пантыфік выразіў удзячнасць св. Яну Паўлу ІІ «за тое, што прыдумаў і даў імпульс для гэтых сустрэч». Папа падкрэсліў, што гэты святы «суправаджае нас з неба, дзе бачыць шмат моладзі розных народаў, культур, моў, якія прыбылі з адной нагоды: каб святкаваць жывую прысутнасць Езуса сярод нас».
Пантыфік таксама дадаў, што за час свайго біскупства прыйшоў да высновы, што няма нічога прыгажэйшага за здзяйсненне задумак, заангажаванасці і энергіі, з якой шмат маладых людзей пражываюць сваё жыццё.
Папа Рымскі назваў дарам з неба імкненне моладзі змяніць свет і прызнаўся, што яго сэрца радуецца, калі бачыць так шмат моладзі:
«Касцёл зараз на вас глядзіць і хоча ад вас вучыцца аднаўляць свой давер у міласэрнасці Айца, які заўсёды мае малады твар і не перастае запрашаць нас да свайго Валадарства».
Праграма Пантыфіка – што далей?
Візіт Папы Францішка працягваецца. 29 ліпеня Пантыфік наведае былы канцэнтрацыйны лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў, дзе 75 гадоў таму прыняў мучаніцкую смерць св. Максімільян Кольбэ.
У межах візіту запланавана таксама індывідуальная сустрэча Папы з 15 былымі вязнямі, якія выжылі ў канцлагеры.
У другой палове дня Папа Рымскі наведае ўніверсітэцкі дзіцячы шпіталь, а ўвечары разам з удзельнікамі СДМ прыме ўдзел у Крыжовым шляху на кракаўскіх Блонях.