Пошук

04.11.2022 08:08   Catholic.by

3 лістапада, ва ўспамін святога Губерта, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылося набажэнства ў гонар святога апекуна паляўнічых і леснікоў.

Першае пасля трохгадовага каранавіруснага перапынку набажэнства з гэтай нагоды ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі заслужаны іерарх падкрэсліў, што паляўнічыя павінны быць належным чынам падрыхтаваныя і кіравацца устаноўленымі для гэтай дзейнасці законамі і норамамі этыкі і маралі.

«Паляванне збліжае людзей розных прафесій і узростаў, паходжання і поглядаў, робіць іх пэўнай супольнасцю», — заўважыў арцыбіскуп.

Ён таксама нагадаў прысутным на Імшы, сярод якіх была група паляўнічых, жыццё святога Губерта, які жыў у раннім Сярэднявеччы. У маладосці ён шмат часу прысвячаў паляванню, якое для яго стала настолькі моцным захапленнем, што ён не зважаў нават на святы і асобныя, звязаныя з гісторыяй збаўлення дні.

Аднойчы Губерт паляваў у Вялікую пятніцу. Але Бог выкарыстаў яго слабасць, каб кардынальна змяніць яго жыццё.

Нечакана паляўнічы ўбачыў аленя з палымнеючым крыжам паміж рагоў і пачуў голас Хрыста з заклікам адмовіцца ад паганскіх звычаяў і прысвяціць сябе Божай службе.

Для Губерта гэта быў момант навяртання, пасля чаго ён прысвяціў сябе місіянерскай працы і пазней стаў біскупам валонскага горада Льежа. Губерт адзначаўся не толькі моцаю ў абвяшчэнні Евангелля, але таксама дабрачыннасцю і ўменнем прыміраць спрэчкі паміж людзьмі. Меў таксама дар аздараўлення ад хваробаў.

«Такім чынам, Бог можа выкарыстаць паляванне для навяртання чалавека», — падсумаваў арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што ў хрысціянстве найперш Бог шукае чалавека, а не чалавек Яго.

«Падобна таму, як цуд навяртання святога Губерта здарыўся падчас палявання, таксама можа здарыцца і ў наш час. Паляўнічыя могуць апынуцца ў напоўненай прысутнасцю Бога прасторы, што неабходна выкарыстаць», — заахвоціў іерарх. На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў паляўнічых і леснікоў са святам іх нябеснага апекуна і пажадаў ім удалага палявання і радасці спаткання Бога ў прыродзе, каб жыць Ягонай праўдай і, кіруючыся ёю, будаваць сваё жыццё.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.