Пошук

03.11.2022 10:09   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў старажытным магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.

Распачаў сваё казанне біскуп Аляксандр Яшэўскі з разважання аб тым, што смерць — гэта тое, што заўсёды ходзіць побач з намі.

«Раз-пораз яна з’яўляецца побач з намі, бярэ з сабой каго-небудзь са знаёмых, сяброў, сваякоў, бацькоў, каб нагадаць, што яна гаспадарыць побач з намі і што яна таксама прыйдзе да нас — у гадзіну, аднаму Богу вядомую, — каб нас правесці праз парог вечнасці», — падкрэсліў іерарх і прапанаваў не пазбягаць думкі пра смерць, а часам разважаць пра яе.

Біскуп прапанаваў вернікам паразважаць над пытаннем: чаму мы павінны часта думаць пра смерць? На думку іерарха, «мы ўсе жывем на адной вялікай магіле, якой з’яўляецца наша зямля, і кожны дзень ходзім па магілах, больш ці менш глыбокіх, схаваных пад нашымі нагамі».

«Мы, вучні Хрыста, разумеем мову праху памерлых, рассеянага па ўсёй зямлі. Ён вучыць нас гэтаму старому, як і хрысціянства, вучэнню, што кожны, хто часта думае пра смерць, жыве свята, памірае шчасліва і застаецца цярплівым, спакойным і ўраўнаважаным», — зазначыў пастыр.

Паводле біскупа Яшэўскага, самы часты і распаўсюджаны падман сярод людзей — гэта вера ў тое, што яны будуць жыць доўга і заўсёды думаюць аб больш ранняй смерці іншых. «Прызнаемся шчыра, што можа і мы належым да гэтага „пахавальнага брацтва“, якое ў думках хавае іншых. Гэтага — таму што ён старэйшы за нас, другога — таму што ён хворы і гэтак далей.

Але смерць прыходзіць да нас раптоўна, амаль заўсёды раней, чым мы чакаем», — канстатаваў іерарх.

У якасці ілюстрацыі ён распавёў павучальную гісторыю пра манаха-краўца, які паміраў у кляштары. На Божай пасцелі паміраючы папрасіў прынесці яму голку. «Калі яму прынеслі голку, ён узяў яе ў стынучыя рукі і сказаў сабраным братам: „Я не баюся смерці. З гэтым маленькім інструментам я іду насустрач смерці і ім адкрыю сабе брамы Неба. Кожны раз, калі я працаваў голкай, я стараўся рабіць гэта для Езуса, з любові да Яго. Езус не забудзе гэтага, не адкіне мяне“, — і з голкай у руцэ ціха аддаў душу свайму Збавіцелю і Суддзі».

Напрыканцы гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў вернікаў, каб тыя, просячы ласкі неба для памерлых братоў і сясцёр, маліліся і за сябе, просячы Езуса, каб апошні іх ўздых быў актам любові і паслухмянасці.

У дзень успаміну Усіх памерлых вернікаў у магілёўскай катэдры і на старых каталіцкіх могілках горада на Дняпры прайшлі адмысловыя набажэнствы за памерлых, у якіх разам маліліся католікі як лацінскага, так і ўсходняга абрадаў.

 

Абноўлена 03.11.2022 10:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.