Пошук

30.10.2022 13:00   Фота: mogilevnews.by / Catholic.by

28 кастрычніка Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узяў удзел у справаздачна-выбарнай канферэнцыі Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру», якая прайшла ў Магілёве.

Як паведамляецца на сайце mogilevnews.by, на ёй сабраліся члены арганізацыі з усіх куткоў Прыдняпроўскага краю, дэпутаты, прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама каталіцкі і праваслаўны іерархі і іншыя ганаровыя госці. Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі важныя пытанні, падвялі вынікі працы Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонда міру за справаздачны перыяд і вызначылі далейшыя планы.

У аснову дзейнасці Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» закладзены пытанні міратворства, сяброўства і згоды паміж людзьмі, краінамі і народамі.

Мерапрыемствы, якія праводзіць арганізацыя, скіраваны на мір і згоду ў Беларусі, падтрымку моладзі, сям’і і дзяцей, прапаганду пратрыятызму, любові да працы і маральнасці сярод моладзі, яднанне грамадзянаў краіны.

У сваім прывітальным слове біскуп Яшэўскі прадставіў прысутным аўтэнтычнае хрысціянскае бачанне міру, звярнуўшыся да крыніцы — да Божага слова. Іерарх адзначыў, што сёння слова «мір» «гучыць часта і ўсюды, становячыся асаблівым нашым жаданнем і нястомнаю просьбаю ў храмах усіх канфесій нашай краіны і ўсіх людзей добрай волі. Мір — гэта натуральны стан існавання чалавецтва, стан спакою, згоды паміж людзьмі, цішыня і радасць, які забяспечвае нашае развіццё і нашу будучыню», — падкрэсліў прадстаўнік Касцёла і прапнаваў паразважаць над тым, «як дасягнуць міру на гэтай зраненай шматлікімі канфліктамі, супрацьстаяннямі і варожасцю паланеце Зямля».

Біскуп растлумачыў удзельнікам канферэнцыі, чым з’яўляецца мір у біблейскім сэнсе, зазначыўшы, што гэта не толькі адсутнасць канфліктаў, а стан гармоніі і еднасці чалавека з Богам, якая распаўсюджваецца на ўсе вымярэнні чалавечага існавання.

«Мір — гэта поўная згода чалавечых памкненняў, жаданняў і дзеянняў з планамі, думкамі і пажаданнямі нашага Стварыцеля адносна чалавека», — сцвердзіў іерарх. Ён патлумачыў, што мір паміж людзьмі, як і яго супрацьлегласць — канфлікты — таксама пачынаюцца ў сэрцы, пра што кажа Святое Пісанне.

«Каб мір запанаваў у свеце, неабходна, каб чалавек прыняў у сваё сэрца Божы мір: „…і мір Хрыстовы, да якога мы пакліканы, будзе панаваць у сэрцах нашых“ (пар. Клс 3, 15). Гэты мір Хрыста будзе абараняць чалавека ад нядобрых думак і намераў, ад зла, сквапнасці і агрэсіўнасці», — перакананы біскуп Яшэўскі. З гэтага, паводле яго, вынікае, што «быць чалавекам міру, радавацца міру, прыняць мір у сваё сэрца і жыццё азначае прыняць Бога, які прыходзіць у гэты свет у Хрысце Езусе», чыё ўцелаўленне, вучэнне і крыжовая смерць былі скіраваныя на ўсталяванне міру паміж чалавекам і Богам і паміж людзьмі.

«Мір — адно з ключавых паняццяў Евангелля Хрыста і галоўнае слова ў вучэнні Касцёла. Хрысціяне пакліканы выхоўваць гэты мір і любоў на ўсіх узроўнях супольнага жыцця: міжасабовым, сямейным, грамадскім, унутрыпалітычным і міжнародным. <…> Каб быць міратворцам, патрэбна мець моцны і сфарміраваны характар, здольны панаваць над сабой. Мір як арыенцір сэрца і спосаб чалавечага суіснавання — гэта Божы план ад самага пачатку.

Імкнучыся ўсталяваць мір у міжнародным і ўнутрыпалітычным вымярэнні, хрысціяне павінны памятаць, што мір не можа быць самамэтай. Ён з’яўляецца вынікам маральнай дабрыні грамадзянаў і палітыкаў, а таксама сродкам — асноўнай умовай для росквіту культурнага, рэлігійнага і грамадскага жыцця. Нельга імкнуцца да „міру любой цаной“, асабліва грэбуючы галоўнымі хрысціянскімі і агульначалавечымі каштоўнасцямі», — адзначыў прадстаўнік Касцёла, запрасіўшы супольныя намаганні дзеля міру падтрымліваць малітвай да «Таго, хто адзіны з’яўляецца „нашым мірам“ і можа даць нам трывалы і непахісны мір, якога не зможа гарантаваць нам ніякая зброя ў свеце».

На заканчэнне прывітальнага слова біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB выказаў «сваю павагу і ўдзячнасць усім, хто на розных узроўнях садзейнічае міру і згодзе ў нашым грамадстве», а ўсім членам фонда міру Магілёўскай вобласці пажадаў «Божага благаслаўлення і добрых, шчодрых вынікаў ахвярнага служэння дзеля такой высакароднай справы».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця