Пошук

19.10.2022 13:40   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

17 кастрычніка ў цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, адбылася другая сустрэча ў межах праекту, скіраванага на ўзмацненне кампетэнцыі кансэкраваных асоб.

Праект, разлічаны на дапамогу тым, хто цалкам прысвяціў сябе Хрысту ў манастве, стартаваў у верасні. Другая сустрэча была прысвечаны тэме стратэгічнага кіравання манаскай супольнасцю, якую прадставіў удзельнікам кандыдат эканамічных навук, распрацоўшчык сістэм стратэгічнага і аперацыйнага мэнэджмэнту Андрэй Каралёў.

Спецыяліст пазнаёміў удзельнікаў з тымі кампанентамі, якія мае ў сабе стратэгія развіцця манаскай супольнасці: місія, бачанне, каштоўнасці, стратэгічная мэта і стратэгічныя напрамкі дзейнасці.

Акрамя таго, усім разам было прапанавана вызначыцца з магчымымі кірункамі праектнай дзейнасці.

Семінар быў прысвечаны тэме «Лідарства і камандаўтварэнне ў манаскай супольнасці». Яго праводзіў прафесійны коўч, кандыдат сацыялагічных навук дацэнт Уладзімір Глушакоў. У пачатку сустрэчы ён прэзентаваў свае кнігі па псіхалогіі кіравання, кіраванню чалавечымі рэсурсамі і арганізацыйнаму развіццю. Кнігі з’яўляюцца часткай адукацыйнага кантэнту, які закліканы дапамагчы глыбей разабрацца ў тэме семінара.

На вялікай колькасці яркіх прыкладаў з жыцця хрысціянскіх сем’яў, каталіцкіх парафій і свецкай практыкі Уладзімір Глушакоў распавёў удзельнікам семінара аб сутнасці лідэрства ў некамерцыйных арганізацыях, функцыях і ролях лідара ў кіраванні манаскай супольнасцю.

У дыялогавым рэжыме з элементамі мазгавога штурму ўдзельнікі абмеркавалі таксама розныя стылі лідарства і супаставілі іх з сітуацыяй свайго служэння. Фармат каманднай працы, прапанаваны спікерам, дазволіў удзельнікам развіць свае камунікацыйныя кампетэнцыі і крэатыўны патэнцыял, абмеркаваць важныя практычныя аспекты хрысціянскага служэння.

Адным з важных пунктаў другой сустрэчы стаў падзел удзельнікаў на розныя каманды, якія павінны будуць на заканчэнне праграмы праз два гады прадставіць свае праекты па наступных кірунках, якія былі вызначаны сумесна ўсімі ўдзельнікамі: праца з моладдзю, катэхізацыя, прафісійнае душпастырства (праца са спецыялістамі ў розных сферах прафесійнай дзейнасці), СМІ, душпастырства сем’яў, праца з патрабуючымі.

 

Некаторыя ўдзельнікі праекту дзеляцца з Catholic.by сваімі ўражаннямі:

Старшыня рады Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў ксёндз Анджэй Юхневіч OMI:

— Якія Вы бачыце перспектывы гэтага праекту?

— Я спадзяюся, што тое, што тут адбываецца, будзе мець вынік для ўсёй манаскай супольнасці ў Беларусі: не толькі тэорыя, але і фармаванне манаскіх асоб і, канечне, карысць для мясцовага Касцёла, для вернікаў.

Лепшая свядомасць, большы прафесіаналізм, іншы падыход у арганізацыі кансэкраванага жыцця тут, у Беларусі. А яшчэ большая смеласць для нас саміх, што мы можам, што мы хочам і што нас шмат — смеласць у служэнні.

Мы атрымаем канкрэтныя прылады, якія дапамогуць у больш якаснай арганізацыі нашага служэння і асабістага жыцця.

— Якія ўражанні ад першых дзвюх сустрэч?

— Пазітыўныя. Уся інфармацыя, што мы атрымалі, вельмі сістэматычная і прафісійна пададзена, а таксама даступная: усё зразумела, гэта не нешта чужое, але дастасавана да нашай сферы, перакладзена на нашую манаскую штодзённасць. І таксама вельмі падабаецца атмасфера: тат сабралася супольнасць аднадумцаў, што вельмі важна.

Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, каардынатар праекту.

— Гледзячы на першыя дзве сустрэчы, якія Вашыя ўражанні: што атрымалася, што не?

— Як відаць з самой назвы праекту, ён быў скіраваны на ўзмацненне кампетэнцыі кансэкраваных асоб Беларусі. Што датычыцца акцэнтаў у шырокім спектры кампетэнцый, якія павінны мець кансэкраваныя асобы, то праз усе супольныя сустрэчы на парацягу апошніх трох гадоў былі вызначаны гэтыя кірункі, таму ў гэтай адукацыйнай праграме прадугледжваецца шмат аспектаў, якія павінны быць закрануты, якія з’яўляюцца актуальнымі і веданне якіх неабходна ў супольным жыцці і ў індывідуальным развіцці чалавека, кансэкраванай асобы.

Другое, пра што хочацца сказаць, гэта пра фазу пдрыхтоўкі. Яна была вельмі інтэнсіўнай, уключала розныя сустрэчы са спікерамі, з радай каардынацыйнай групы, дзе абмяркоўвалася мноства пытанняў, розныя тэмы, стваралася пэўная праграма. Канечне, быў страх, як гэта будзе адбывацца, ці зможам мы рэалізаваць усё так, як запланавана, ці будзе гэта цікава, ці людзі пойдуць за спікерамі, ці тэмы будуць актуальнымі і патрэбнымі на гэты час.

Аднак з перспектывы другога дня гэтай адукацыйнай праграмы магу з упэўненасцю сказаць, што тэмы сапраўды актуальныя і застаюцца актуальнымі, людзі ўвайшлі ў праграму навучання, хоць гэта і патрабуе пэўнай дысцыпліны і намаганняў, выканання хатняга задання, працы. Таму я задаволены і, гледзячы з перспектывы другога дня праграмы, магу сказаць: шкада, што такая рэч не была арганізавана некалькі гадоў таму. Тут не толькі можна ўзмацняць свае кампетэнцыі, тут увогуле закранаюцца важныя тэмы для кансэкраванага жыцця сёння, тут ёсць разважанне над духоўнымі справамі, дзе папросту ствараецца платформа для асабістых сяброўскіх адносін.

— Які плён гэтая праграма прынясе Каталіцкаму Касцёлу?

— Напэўна, для Касцёла гэта ўжо вялікі поспех, што такі праект праводзіцца, бо калі мы будзем мець на месцах працы на лакальным узроўні не толькі духоўных людзей, але і адначасова высокакваліфікаваных спецыялістаў у сваёй галіне, то карысць для ўсяго Касцёла будзе вельмі значнай.

Сястра Алена MSF, Баранавічы.

— Чаго Вы жадаеце ад удзелу ў гэтым праекце?

— Прачытаўшы артыкул на Сatholic.by, я даведалася, што ўжо была праведзена першая сустрэча і сказала сваім сёстрам, што жадаю ўдзельнічаць. Мне патрэбна менавіта развіццё ў сферы мэнэджмэнту, бо неабходна рабіць шматлікія справы. Па духоўнасці ў нас усё цудоўна распрацавана, і гэта мне дае кангрэгацыя. А вось навыкаў у вядзенні сацыяльных і дабрачынных праектаў не хапае; не хапае і часу, каб гэтаму навучыцца.

Тут жа ўсё ўжо канкрэтна распрацавана і падрыхтавана, нібыта тое, чаго я і чакала, таму спадзяюся на прафісійную канкрэтную падтрымку ў правільным разуменні мэты нашых праектаў, і якімі крокамі гэтыя мэты дасягаць.

Па-другое, перанесці атрыманыя веды на нашыя манаскія супольнасці, бо часта мы звяртаем увагу больш на духоўныя рэчы, але і ў проста чалавечым плане ёсць ужо даўно пратаптаныя сцежкі, якімі проста можна карыстацца.

Абноўлена 23.11.2022 10:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа