Пошук

22.09.2022 11:22   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

19 верасня ў цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, распачаўся праект, скіраваны на ўзмацненне кампетэнцыі кансэкраваных асоб.

Гэты праект з’яўляецца вынікам супольнай працы настаяцеляў і настаяцельніц на працягу апошніх трох гадоў, арыентаваны на актуальную сітуацыю манскіх асоб, і з’яўляецца свайго роду адказам на патрэбы і выклікі манаскага жыцця і служэння ў сучасным свеце.

На пачатку сустрэчы ўсіх удзельнікаў прывітаў куратар праекта ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Святар азнаёміў прысутных з парадкам дня і таксама прадставіў праекты і выкладчыкаў, якія будуць суправаджаць удзельнікаў на працягу ўсяго курса.

Таксама быў прадстаўлены сайт catholicstudybel.by, які створаны дапамагаць удзельнікам сістэматызаваць атрыманыя веды.

Першы семінар на тэму стратэгічнага кіравання манаскай супольнасцю правёў кандыдат эканамічных навук, спецыяліст па стратэгічным і аперацыйным мэнеджменце дацэнт Андрэй Каралёў.

Падчас семінара ўдзельнікі праекта азнаёміліся з асновамі мэнэджмэнту, прынцыпамі і функцыямі кіравання, сучаснымі тэндэнцыямі ў развіцці навукі кіравання і практыкі. Таксама адбылася дыскусія на тэму неабходнасці і карыснасці стратэгіі і стратэгічнага мэнэджмэнту ў жыцці манаскай супольнасці.

Пасля перапынку на абед адбыўся другі семінар на тэму «Асобасная ідэнтычнасць: афектыўна-сэксуальная сталасць».

Яго правяла сястра Вікторыя Чэкан, магістр педагогікі і псіхалогіі, медыцынскі псіхолаг, нейрапсіхолаг, спецыяліст у галіне падрыхтоўкі адказных за фармацыю да святарскага і манаскага жыцця.

На гэтым семінары ўдзельнікі мелі магчымасць паглаядзець на асобу чалавека з пункту гледжання хрысціянскай антрапалогіі: Слова Божае, якое знаходзіцца ў Святым Пісанні ў формулах веры хрысціянскай супольнасці, забяспечвае аснову для разумення чалавека, яго паклікання, мэты і сэнсу яго жыцця. Псіхалогія ж дае разуменне таго, як чалавек можа эфектыўна рэалізоўваць сваё пакліканне, якія ўнутраныя дынамізмы і законы дазваляюць чалавеку жадаць і дасягаць жаданага; адчуваць, хвалявацца, будаваць адносіны з іншымі людзьмі. Жывая дыскусія дазволіла высветліць і некаторыя складаныя аспекты ў жыцці манаскай супольнасці.

Такія сустрэчы цяпер будуць праводзіцца кожны трэці панядзелак месяца.

Дзелячыся ўражаннямі, удзельнікі пазітыўна ацанілі распачаты курс.

На заканчэнне працоўнага дня адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў старшыня рады Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў ксёндз Анджэй Юхневіч OMI.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця