Пошук

13.10.2022 11:03   ave-maria.by / Catholic.by

Прапануем вашай увазе кароткі агляд кастрычніцкага нумара часопіса «Ave Maria», апублікаваны на сайце выдання ave-maria.by.

У месяцы кастрычніку, які традыцыйна прысвечаны малітве на ружанцы, у беларускім Касцёле распачалася падрыхтоўка да святкавання 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.

З гэтай нагоды кастрычніцкі нумар часопіса «Ave Maria» адкрываецца зваротам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка тлумачыць чытачам умовы адпусту, які вернікі могуць атрымаць за ружанцовую малітву.

Розным аспектам ружанцовай малітвы, яе гісторыі і значэнню для католікаў прысвечаны матэрыялы «Тэалагічна-структурны аналіз ружанцовай малітвы» і «Ружанец — малітва, якая захавала Еўропу».

Нумар упрыгожваюць пранікнёныя вершы нашых пастаянных аўтараў Дануты Бічэль і Ірыны Багдановіч.

У часопісе змешчана грунтоўнае інтэрв’ю галоўнага рэдактара Крыстыны Лялько з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР, заснавальнікам Ружанцовага кангрэсу, які ўжо шэсць гадоў праходзіць у Магілёве.

Тут жа друкуецца матэрыял айца Рамана, які тлумачыць, у чым крыецца сакрэт добрай ружанцовай малітвы.

Айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы» разважае пра цікавае паняцце евангельскай старасці і пра канфлікт пакаленняў.

Ксёндз Кірыл Бардонаў у рубрыцы «Старонка касцёльнага суддзі», прысвечанай юрыдычным прадпісанням Касцёла, распавядае, у якіх выпадках святар можа адмовіць у хросце.

Пастаянны аўтар часопіса Галіна Калевіч працягвае дзяліцца з чытачамі гісторыямі розных людзей, іх сведчаннямі веры і дзеяння Бога ў жыцці. У гэтым нумары сваім досведам дзеліцца Люцыя Заблоцкая, верніца парафіі ў Барунах, дзе захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай, Суцяшальніцы Засмучаных.

На вокладцы гэтага нумара «Ave Maria» можна знайсці выяву, а таксама гісторыю цудатворнай іконы Маці Божай Барунскай і малітвы да Яе.

Сваёй радасцю з чытачамі часопіса дзеляцца парафіяне Сянно, дзе праз 60 гадоў пасля разбурэння быў пасвячаны новы касцёл Найсвяцейшай Тройцы, пабудаваны намаганнямі вернікаў.

Ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк у сваім матэрыяле распавядае чытачам пра слугу Божага Эдварда Вайніловіча — аднаго з вядомых беларускіх дабрачынцаў, дзякуючы якому ў Мінску быў пабудаваны касцёл святога Сымона і святой Алены.

Віктар Ведзень працягвае распавядяць пра аўтамабільную пілігрымку з найбольш шанаванымі абразамі Маці Божай з беларускіх санктуарыяў. Гэтым разам чытачы патрапяць у Празарокі, Дзятлава, Маладзечна і Канстанцінава.

У кастрычніцкім нумары публікуюцца таксама некалькі натхняльных лістоў ад чытачоў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця