Пошук

11.10.2022 12:49   Паводле: Catholicnews.by
Фота: Уладзіслаў Прыгун / Catholicnews.by

8 кастрычніка адбылася інаўгурацыйная ўрачыстасць новага 2022–2023 навучальнага года, які распачалі ў Мінску семінарыстаў першага курса.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, з гэтай нагоды цэлебрацыю Эўхарыстыі для прапедэўтычнай супольнасці ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім маліліся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары, выкладчыкі, блізкія і родныя тых, хто сёлета распачаў шлях падрыхтоўкі да святарства. У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч зазначыў, што ў святара ёсць тры важныя задачы: абвяшчаць Божае слова, асвячаць людзей і накіроўваць людзей ў служэнні Богу і іншым людзям.

Заслужаны іерарх заахвоціў першакурснікаў дзякаваць Богу за пакліканне і прасіце ў Яго дапамогі, каб вытрываць на шляху падрыхтоўкі да святарства.

Пасля Імшы ксёндз Павел Эйсмант, куратар першага курса, падвёў вынікі мінулага навучальнага года. Інаўгурацыйную лекцыю на тэму «Святарская культура» прачытаў ксёндз Віталій Дабраловіч, які з гэтага года пачынае выкладанне на падрыхтоўчым курсе.

Са словам заахвочвання на пачатак навучальнага года звярнуўся біскуп Юрый Касабуцкі, які перадаў прапедэўтычнай супольнасці прывітанне ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, а таксама зазначыў, што важна, «пакінуўшы свае родныя сем’і, зараз пачаць будаваць новую, семінарыйную сям’ю і рабіць наступныя плённыя крокі разам з духоўным айцом, куратарам і выкладчыкамі».

«Мы вас чакаем і ўскладаем на вас надзею!» — запэўніў біскуп Юрый Касабуцкі.

Арцыбіскуп Кандрусевіч у сваёй прамове ўзгадаў першы навучальны год у заснаванай ім духоўнай семінарыі ў Гродне, які распачаўся ў 1990 годзе, а таксама адкрыццё семінарыі ў Маскве і ў Санкт-Пецярбургу. Заслужаны іерарх адзначыў, што варта памятаць пра тое, што святар перадусім вядзе чалавека да Бога, а потым ужо выконвае іншыя абавязкі, якіх у яго шмат. Арцыбіскуп з удзячнасцю ўзгадаў святароў, якія напрыканцы 80-х – на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прысвяцілі сваё жыццё адраджэнню беларускага Касцёла, прыехаўшы з іншых краін на дапамогу.

Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што неабходна працягваць будаваць Касцёл, які будзе своечасова адказваць на выклікі часу.

Як паведамлялася раней, па выніках уступнага экзамену сёлета на першы курс было залічаны пяцёра кандыдатаў. Двое паходзяць з Гродзенскай дыяцэзіі, яшчэ двое — з Віцебскай, і адзін — з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Абноўлена 11.10.2022 14:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця