Пошук

22.07.2022 17:19   Тэкст і фота: кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

20–21 ліпеня ў будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску адбыўся першы тур уступнага экзамену для кандыдатаў на першы год навучання ў Вышэйшых духоўных семінарыях у Гродне і Пінску.

Экзаменацыйныя пытанні датычыліся Катэхізісa Каталіцкага Касцёла, жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла, яго структуры з мэтай лепш ацаніць зацікаўленасць кандыдатаў тым, як жыве Касцёл.

Акрамя таго, кандыдатам трэба было растлумачыць матывы свайго выбару следаваць за Хрыстом, які кліча іх да працы ў Яго аўчарні ў якасці святароў.

Экзамен прымала экзаменацыйная камісія ў наступным складзе: старшыня — біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, старшыня Камісіі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў; ксёндз Ян Раманоўскі, прэфект Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне; ксёндз Павел Эйсмант, куратар 1-га курса.

Пасля пісьмовай часткі экзамену кандыдаты сустрэліся з адным з членаў камісіі на кваліфікацыйнай размове.

Экзаменацыйная камісія, праінфармаваўшы пра сваё рашэнне дыяцэзіяльных біскупаў, з чыіх дыяцэзій паходзяць кандыдаты, і атрымаўшы іх благаслаўленне і згоду, паведамляе, што новымі студэнтамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сталі кандыдаты з Гродзенскай дыяцэзіі:

  • Рычард Адамовіч (парафія Святога Арханёла Міхала, Навагрудак),
  • Марк Валасевіч (парафія Маці Божай Ружанцовай, Радунь).

Новымі студэнтамі з Віцебскай дыяцэзіі сталі:

  • Станіслаў Бервячонак (парафія Святой Тройцы, Глыбокае),
  • Уладзіслаў Прыгун (парафія Спаслання Святога Духа, Мікалаева).

Таксама быў залічаны ў шэрагі студэнтаў кандыдат з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі:

  • Леў Ляховіч (парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, Магілёў).

Другі тур уступнага экзамену на першы курс Вышэйшых духоўных семінарый у Гродне і Пінску адбудзецца ў будынку ККББ у Мінску 10–11 жніўня бягучага года.

Адказныя за фармацыю будучых святароў у нашай краіне просяць усіх людзей добрай волі аб малітве ў інтэнцыі новых семінарыстаў, а таксама аб новых і святых пакліканнях да святарства.

Абноўлена 22.07.2022 17:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця