7 кастрычніка, у літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай, вернікі мястэчка Ракаў (Валожынскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адзначылі сваю парафіяльную ўрачыстасць.
З гэтай нагоды ракаўскую парафію наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, каб разам з тутэйшымі католікамі ўшанаваць Маці Божую Ружанцовую, тытул якой мае мясцовая святыня.
На пачатку святой Імшы ўсіх прысутных святароў, сясцёр законных і вернікаў прывітаў пробашч парафіі ў Ракаве ксёндз канонік Дзмітрый Барыла. «Мы ўсе прыйшлі сюды не проста, каб маліцца: мы прыйшлі да нашай Матулі», — падкрэсліў святар. Пробашч ад імя ўсёй супольнасці мясцовых вернікаў прывітаў арцыпастыра і папрасіў яго ўзначаліць цэлебрацыю Эўхарыстыі.
Звяртаючыся на пачатку святой Імшы да прысутных, іерарх адзначыў, што ў гэты дзень вернікі прыйшлі ў «школу Найсвяцейшай Панны Марыі, каб разам з Ёю прайсці ўсе выпрабаванні».
«Яна ўсё вытрымала, бо заўсёды была блізкай да Езуса Хрыста. Таму сёння мы, гледзячы на Яе, хочам зразумець і хочам прыняць нашыя абавязкі. Выпрасіць праз Яе заступніцтва, праз малітву на ружанцы, дапамогу. Каб вяла нас да крыніцы збаўлення: да свайго Сына», — адзначыў арцыбіскуп.
У прамоўленай гаміліі іерарх, між іншым, узгадаў Чэслава Немана, славутага польскага спевака, народжанага на беларускай зямлі, які спяваў: «Які дзіўны гэты свет».
«У 1968 годзе, калі свет быў на мяжы і існавала пагроза вайны, гэты спявак, калі ў яго пыталіся, чаму гэты свет дзіўны, адказваў: „Бо дзіўна, што чалавек забівае іншага чалавека, што чалавек гатовы знішчыць жыццё, якое атрымаў ад Пана Бога, што ўздымае руку на самога Бога, на свайго Стварыцеля“.
На іншым кантыненце іншую песню спяваў Луі Армстранг „Які прыгожы гэты свет“. Слухаючы іх, варта задаць сабе пытанне: „Аб чым ты спяваеш у сваім жыцці? Што ты нам хочаш прапанаваць? Дзе ты бачыў гэтую прыгажосць свету?”
Я спяваю аб тым адзіным Божым свеце, да якога запрашае нас сёння Пан Бог. На працягу ўсяго жыцця чалавецтва жыве ў гэтым свеце, дакранаецца да гэтага свету, прыкладае сваю руку да таго, каб свет гэты стаў больш прыгожым. Мы ўмеем і сеяць, і садзіць, і збіраць і планаваць, бо трэба мець хлеб і да хлеба на нашым стале. Але акрамя таго гэты свет вядзе нас да дыялогу з нашым Збаўцам.
На гэтай дарозе наша дапамога — Маці Бога і наша Маці Марыя. Яна ахінае нас плашчом сваёй матчынай апекі. Не дзеля таго, каб мы, заспакоеныя, бяздзейна сядзелі, але каб былі падобнымі да Яе, калі Яна пасля смерці свайго Сына Езуса Хрыста і Яго ўваскрасення хадзіла і збірала апосталаў, якія паўцякалі ад страху. Збірала і казала: „Хадзем, пачакаем, калі Ён прыйдзе, бо Ён казаў, што ўваскрэсне“. І сапраўды, яны чакалі.
Браты і сёстры, Касцёл заахвочвае вернікаў на працягу ўсяго кастрычніка маліцца Ружанец — гэтую простую і адначасова вельмі глыбокую малітву, каб разам з Марыяй ісці праз гісторыю нашага збаўлення», — сказаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.