6 кастрычніка, у першы чацвер ружанцовага месяца, у Мінску адбылася першая пасля летняга перапынку сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Сустрэча сабрала ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі больш за сотню святароў і сясцёр законных з большасці парафій Мінскай і Магілёўскай вобласці.
Дзень засяроджання распачаўся з супольнай малітвы Літургіі гадзінаў, пасля чаго духоўны айцец святароў Магілёўскага рэгіёна ксёндз канонік Андрэй Далянскі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Касцюковічах, прамовіў аскетычную канферэнцыю.
У ёй святар засяродзіўся на праблеме крызісу ў Касцёле, звярнуўшы ўвагу на ўзаемаадносіны паміж духоўнымі і кансэкраванымі асобамі і праблеме ўдзелу ў розных душпастрыскіх мерапрыемствах на нацыянальным узроўні, а таксама на ўзроўні архідыяцэзіі і дэканатаў.
Ксёндз Андрэй звярнуў увагу на недапушчальнасць у евангелізацыі скрываць або абмяжоўваць праўду з меркаванняў «паліткарэктнасці», перадусім у маральным вымярэнні.
Пасля канферэнцыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а ўсе ахвотныя маглі ў гэты час паяднацца з Богам у сакрамэнце споведзі.
Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Разам з ім пры алтары маліліся яго папярэднік на Мінска-Магілёўскай катэдры арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на неабходнасць следаваць за Хрыстом, нягледзячы ні на якія выпрабаванні, з якімі сутыкаюцца ў сваім жыцці і служэнні святары і кансэкраваныя асобы.
Арцыпастыр прывёў у прыклад сваю 90-гадовую цётку, якая моліцца аб тым, каб у цяжкую хвіліну цярпення не адступіць ад Бога і не адрачыся ад Яго, і параіў усім прысутным браць з яе прыклад.
Іерарх звярнуў увагу на прыклады святых, успаміны якіх адзначаліся на працягу тыдня, падкрэсліўшы, што менавіта блізкасць з Хрыстом і давер да Яго дапамаглі ім дасягнуць збаўлення.
Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы, падчас якой арцыбіскуп Юзаф Станеўскі перадусім павіншаваў усіх святароў і законных сясцёр, якія ў мінулыя ад папярэдняй пастырскай сустрэчы месяцы адзначалі імяніны і дні нараджэння.
Перад сабранымі выступілі прадстаўнікі руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, якія распавялі пра сваю дзейнасць, скіраваную на ўмацаванне хрысціянскай сям’і і сямейных каштоўнасцяў.
Наступную сустрэчу духавенства і кансэкраваных асоб архідыяцэзіі плануецца правесці ў чацвер 24 лістапада ў парафіі святога Юзафа ў Маладзечне, куды ўсіх гасцінна запрашае пробашч, ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі.