Пошук

03.10.2022 11:11   Тэкст: а. Раман Шульц ОР / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

1 кастрычніка, у першую суботу месяца, асаблівым чынам прысвечанага малітве Ружанца, у Магілёве прайшоў Шосты Ружанцовы кангрэс, у якім узялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Сёлетні кангрэс, як і папярэднія, быў арганізаваны манаскай супольнасцю айцоў дамініканаў пры падтрымцы адказнага за Магілёўскі рэгіён біскупа Яшэўскага.

У межах кангрэсу былі прадстаўлены чатыры даклады, звязаныя з тэмай сёлетняга ружанцовага форуму: «Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання».

Сястра Ганнa Судуйка CHR пазнаёміла ўдзельнікаў з асобай святой каралевы Ядзвігі. Сястра Дар’я Еўтухоўская FMA прадставіла каментар трох лістоў святога Яна Паўла ІІ: да дзяцей, да моладзі і да жанчын. Разважанне над спадчынай Вялікага Папы працягнуў Дзяніс Серадзін, які даў аналіз яго лістоў да сем’яў, людзей пажылога ўзросту і дзеячаў мастацтва. Чацвёрты даклад быў прысвечаны тэалагічнаму дыялогу, які вёў з чытачамі на старонках дамініканскага часопіса польскі дамініканін айцец Яцэк Салій. Удзельніца трэцяга дамініканскага ордэна Наталля Вашчанка прадставіла некалькі выбраных тэм у кантэксце закліку да навяртання і будавання Божага Валадарства.

Матэрыялы Шостага Ружанцовага кангрэсу былі сабраныя ў трох кніжках, якія атрымалі ўсе ўдзельнікі форуму. Кнігі, выдадзеныя выдавецтвам «Pro Christo», дазволяць ім працягваць сустракацца са святой Ядзвігай, святым Янам Паўлам ІІ і з думкамі айца Яцэка Салія ОР. Кніжкі могуць набыць усе ахвотныя.

Важным момантам кангрэсу стала супольная малітвы на ружанцы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Завяршыўся ружанцовы форум святой Імшой у старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Разам з арцыпастырам Эўхарыстыю цэлебравалі біскуп Яшэўскі і чатырнаццаць святароў.

Для правядзення кангрэсу спатрэбіліся вялікія намаганні і супрацоўніцтва многіх людзей добрай волі.

 

Абноўлена 03.10.2022 18:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.