Пошук

28.09.2022 09:44   Тэкст: с. Марыя Шамовіч / Фота: Леанід Юрык / Сatholicnews.by

Сустрэча катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі адбылася ў Глыбокім у пятніцу 23 верасня. Распачалася яна Эўхарыстыяй, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, пастыр Касцёла Віцебскай дыяцэзіі нагадаў пра значэнне паслугі катэхета і неабходнасць супрацоўніцтва з бацькамі на шляху ўзрастання ў веры дзяцей і моладзі.

На думку іерарха, самае галоўнае заключаецца ў тым, што кожны, хто выконвае паслугу катэхета, робіць гэта ў імя Езуса Хрыста і з’яўляецца Яго жывым сведкам.

Якім павінен быць катэхет? Адказ на гэтае пытанне дапамагала знайсці сястра Мажэна Вельгус. Для гэтага яна прапанавала ўдзельнікам сустрэчы стварыць партрэт катэхета на аркушы паперы. Усе ўдзельнікі сустрэчы, працуючы ў групах, намалявалі з дапамогай алоўкаў і словаў вельмі крэатыўныя партрэты катэхета.

Кацярына Бародзіч з Дзеркаўшчыны адзначыла, што ўсе звярнулі ўвагу на сэрца, падкрэсліваючы, што яно павінна быць, на ўзор Сэрца Езуса, адкрытым і поўным Бога.

Фундаментальным для катехета з’яўляецца сувязь з Богам, адкуль ён і чэрпае сілы, каб даваць Бога іншым.

На ўсіх малюнках  была ўсмешка, што значыць, што катэхет павінен быць радасным, а вялікія вушы патрэбныя для таго, каб слухаць і чуць. Незвычайным элементам аднаго з партрэтаў стала адна завушніца — знак таго, што катэхет павінен быць сучасным і крыху нефармальным.

Найлепшыя якасці катэхета, са словаў удзельнікаў, гэта ўсё бачыць, добра ведаць сваіх вучняў, мець вялікія вочы, быць актыўным, гатовым выехаць з дзецьмі на адпачынак. Павінен палаць Божай любоўю.

Сучасны катэхет мае ў галаве кампутар, сучасныя тэхналагічныя сродкі, бо ў катэхезе без гэтага не абысціся. Катэхет на партрэце з адным зубам, бо ўсе зубы з’еў на вывучэнні Бібліі і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Катэхет удзельнічае сам у жыцці Касцёла і да яго вядзе ўсіх, каму служыць. Катэхет крыху нефармальны, бачыць, перш за ўсё, чалавека, а не трымаецца толькі сухіх правілаў.

Ксёндз Анджэй Юхневіч ОМІ у кароткай канферэнцыі нагадаў аб тым, што паслуга катэхета — гэта перадусім служэнне ў супольнасці Касцёла.

«Сапраўды, жніво вялікае, а працаўнікоў мала, таму неабходна сустракацца, развівацца, дзяліцца вопытам і перадаваць адказнасць бацькам за рэлігійнае выхаванне дзяцей. Як і ў кожнай паслузе, тут ёсць радасці і поспехі, а цяжкасці трэба вучыцца пераадольваць і шукаць новыя перспектывы», — зазначыў святар.

Актыўнасць удзельнікаў сустрэчы праявілася ў працы ў групах, дзе яны шукалі адказы на пытанні: з якімі цяжкасцямі сустракаецца катэхет у паслузе і як іх пераадольвае? што з’яўляецца паказчыкам якасці паслугі катэхета? як развівацца і павышаць кваліфікацыі? з кім павінен супрацоўнічаць катехет?

Адказы на гэтыя пытанні будуць апрацаваныя і вызначаць кірунак сістэматычнай працы і далейшым сустрэчам катэхетаў на дыяцэзіяльным узроўні.

«Я лічу такія сустрэчы вельмі карыснымі і цікавымі. Сустрэча мяне ўзбагаціла, умацавала, дала адчуць адказнасць за Касцёл. Аднавіла ўва мне тры важныя паняцці: супольнасць, адказнасць, місія», — адзначыла Кацярына Бародзіч.

 

Абноўлена 28.09.2022 09:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа