Пошук

27.09.2022 10:53   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

Салезіянская сям’я Беларусі завяршыла святкаванне 100-годдзя дзейнасці салезіянаў на тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны. Заключныя ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі 24 і 25 верасня.

Суботняя праграма была разлічана на моладзь. У межах святкавання юбілею быў праведзены «Don Bosco Youth Fest».

Раніцай загадзя зарэгістраваныя ўдзельнікі сабраліся ў Бараўлянах, а адтуль арганізаванай групай скіраваліся на натурную пляцоўку Беларусьфільма, дзе адбыўся гістарычны квэст па матывах дзейнасці салезіянаў на Беларусі.

Моладзь была падзелена на 12 каманд і праз розныя прыгоды і выпрабаванні шукала «келіх ксяндза Боско», які нібыта быў скрадзены і схаваны на тэрыторыі пляцоўкі. На працягу дзвюх гадзін удзельнікі разам са святарамі і сёстрамі расследвалі заблытаную гісторыю і ў выніку знайшлі згубленную рэліквію.

Пасля завяршэння квэсту ўдзельнікі перамясціліся у мінскі мікрараён Серабранка, на тэрыторыю парафіі святога Яна Хрысціцеля, дзе нясуць служэнне салезіяне. Там адбыўся вечар праслаўлення, які анімаваў музычны гурт Verbum Dei. На пачатку моладдзю са Смаргоні была прадстаўлена сцэнка па матывах стогадовай гісторыі салезіянскага таварыства на нашых землях.

Пасля адбылося выстаўленне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая суправаджалася разважаннямі і спевамі.

Напрыканцы дня традыцыйнае салезіянскае слоўка на дабранач да прысутных прамовіў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB.

У нядзелю 25 верасня адбыўся працяг святочнай праграмы, кульмінацыйным пунктам якой стала ўрачыстая святая Імша падзякі за стогадовую дзейнасць салезіянскага таварыства на нашых землях.

Святочнасць і важнасць падзеі падкрэсліла прысутнасць трох біскупаў: арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча і Генеральных вікарыяў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага і біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.

Таксама на ўрачыстай Эўхарыстыі сабраліся сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, прадстаўнікі суполкі ADMA, аніматары, дзеці, моладзь, парафіяне, а таксама ўсе, каму блізкая салезіянская харызма.

Перад пачаткам літургіі з уступным словам да сабраных звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Ён прывітаў усіх сабраных і заўважыў, што прысутнасць іерархаў падкрэслівае еднасць салезіянскага таварыства з мясцовым і паўсюдным Касцёлам. Асаблівым чынам настаяцель прывітаў сабратоў, бо стагоддзе з’яўляецца менавіта іх святам, а таксама ўсю салезіянскую сям’ю, дзяцей і моладзь.

Ксёндз Павел запрасіў біскупа Яшэўскага ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы і ахвяраваць яе за памерлых сабратоў, якія працавалі і неслі салезіянскую харызму на нашых землях.

У прамоўленай гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў, што, як і першыя салезіяне на нашых землях, іх сучасныя наступнікі натхняюцца шматлікімі цнотамі свайго заснавальніка, сярод якіх іерарх асаблівым чынам вылучыў чатыры: руплівасць, дабрыню, давер да Бога і любоў да Марыі, Успамогі Хрысціянаў.

«Руплівасць, дабрыня, давер да Бога, любоў да Божай Маці — гэтыя рысы нашага заснавальніка натхнялі нашых сабратоў, калі яны прыбылі на тэрыторыю нашай краіны сто гадоў таму, і з тых часоў тут ярка гарыць полымя салезіянскага духу.

Сыны святога ксяндза Боско працягваюць і сёння сведчыць аб радасці Евангелля, як гэта рабілі папярэднікі на працягу ўсіх гадоў. Гэты ж дух звязвае салезіянскую сям’ю ва ўсім свеце, працягваючы справу Добрага Пастыра, які шукае і вяртае тых, хто згубіўся, хто хворы ці паранены», — сказаў біскуп Яшэўскі, выказаўшы падзяку сабратам за служэнне народу нашай краіны.

Падчас святой Імшы адбыўся акт прысвячэння салезіянскага таварыства Марыі, Успамозе Хрысціянаў. Яго разам прамовілі ўсе сабраты салезіяне, пасля чаго паклалі да падножжа фігуры Маці Божай прыгожыя белыя ружы.

Напрыканцы цэлебрацыі адбылося ўрачыстае закладанне капсулы з пасланнем для будучых пакаленняў, якую нашчадкі адчыняць праз сто гадоў. Перад закладкай «капсулу часу» благаславіў біскуп Юрый Касабуцкі.

Пасля іерарх звярнуўся да салезіянаў са словамі віншавання ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Біскуп Касабуцкі ўзгадаў словы з Евангелля: «Па пладах пазнаеце іх», падкрэсліўшы, што сёння трэба дзякаваць салезіянам за плады той паслугі, якую яны неслі на нашых землях апошнія сто гадоў. Пры гэтым іерарх адзначыў, што мы не ўсе гэтыя плады заўважаем, але для Бога яны бачныя. Біскуп падкрэсліў, што насамрэч руплівасць вельмі ўласціва салезіянам і прыклады гэтай руплівасці ёсць сёння сярод нас. Імі можна назваць салезіянскіх «патрыярхаў»: ксяндзоў канонікаў Юзафа Занеўскага SDB і Здзіслава Вэдэра SDB. Напрыканцы біскуп Касабуцкі пажадаў як мага больш пакліканняў у салезіянскай сям’і і замацаваў свае пажаданні словамі Евангелля: «Каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў».

У сваім слове арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што год святкавання юбілею быў вельмі насычаным рознымі мерапрыемствамі, якія сведчаць аб тым, што салезіяне вядуць сваю дзейнасць у многіх кірунках.

Заслужаны іерарх адзначыў і вялікую падтрымку, якую салезіяне аказалі мясцоваму Касцёлу падчас яго арцпастырскага служэння.

Свае віншаванні салезіянам даслаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які па аб’ектыўных прычынах не змог прысутнічаць на ўрачыстасці. У сваім лісце пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што памятае салезіянаў у сваіх малітвах, і пажадаў апекі Божай Маці.

Павіншавала салезіянаў таксама моладзь, якая падаравала кожнаму сабрату кавалак хлеба, які асацыюецца з домам, цяплом і закваскай, якая ўнутрана перамяняе прэснае цеста.

Падсумоўваючы ўсе віншаванні, салезіянскі біскуп Аляксандр Яшэўскі сказаў:

«З гэтымі прыгожымі пасланнямі і думкамі мы ідзем у наступнае стагоддзе, і ўжо, напэўна, з неба паглядзім, якія думкі і якія пачуцці будуць у нашых паслядоўнікаў і тых, хто будзе наследваць нашу харызму».

На пляцоўцы перад касцёлам арцбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў фігуру ксяндза Боско і табліцу з імёнамі салезіянаў, якія працавалі на Беларусі на працягу апошніх ста гадоў.

Пасля малітоўнай часткі ўсе былі запрошаны ў будынак араторыя, які дзейнічае пры парафіі, дзе адбыўся абед і святочная праграма з танцамі, фокусамі, фотазонай і рознымі сюрпрызамі. Завяршылася свята традыцыйнымі ў салезіянаў трыма малітвамі «Вітай, Марыя».

Абноўлена 27.09.2022 10:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.