Пошук

23.09.2022 06:00   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

З 19 па 22 верасня ў рэкалекцыйным доме пры кляштары айцоў кармэлітаў босых у Мядзелі праходзілі рэкалекцыі для святароў.

У духоўных практыкаваннях узялі ўдзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, два дзясяткі святароў — як дыяцэзіяльных, так і з манаскіх супольнасцяў, — якія нясуць служэнне ў розных парафіях Мінска-Магілёўскай архідыыцэзіі, а таксама адзін святар з Віцебскай дыяцэзіі. Правёў рэкалекцыі айцец Казімір Мараўскі OCD з Гудагая, які сёлета адзначаў 60-годдзе з дня нараджэння.

Упершыню ў мядзельскім Кармэлі сабралася на духоўныя практыкаванні такая вялікая група духоўных асоб.

Усе святары раз на год абавязаны ўдзельнічаць у рэкалекцыях, каб няспынна духоўна развівацца і паглыбляць сваю еднасць з Езусам Хрыстом — Найвышэйшым і Вечным святаром, які дае абраным людзям удзел у сваім святарстве для збаўлення братоў.

Пра арганізацыю рэкалекцый у мядзельскім кляштары паклапаціўся духоўны айцец святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, які таксама ўзяў удзел у гэтых духоўных практыкаваннях. Супольнасць айцоў кармэлітаў у Мядзелі паклапацілася пра тое, каб удзельнікі духоўных практыкаванняў адчувалі сябе ўтульна і камфортна, каб маглі адкласці ўсе клопаты і цалкам прысвяціць гэты час малітве.

Айцец рэкалекцыяніст дапамагаў сабраным нанава адкрыць прыгажосць святарскага паклікання: і тым, якія нясуць гэтае служэнне ўжо не адно дзесяцігоддзе, і тым, якія зусім нядаўна прыйшлі на працу ў вінаграднік Пана.

Чэрпаючы з багатай скарбніцы кармэліцкай духоўнасці, а таксама са свайго саліднага святарскага досведу, айцец Казімір у канферэнцыях, гаміліях і духоўных размовах зрабіў гэтыя рэкалекцыі глыбокімі і змястоўнымі, і кожны мог пачуць штосьці важнае і актуальнае для сябе.

На трэці дзень духоўных практыкаванняў удзельнікі па прапанове рэкалекцыяніста адступілі ад папярэдняга плану і скіраваліся на старадаўнюю Мядзельскую Кальварыю. Там яны перажылі незабыўнае набажэнства Крыжовага шляху і памаліліся Нешпары пры алтары на Гары Крыжоў.

На заканчэнне рэкалекцый удзельнікі шчыра дзякавалі айцу Казіміру Мараўскаму за спадарожнічанне на шляху штогадовага духоўнага аднаўлення. Словы асаблівай падзякі былі скіраваныя гасцінным гаспадарам у асобе айца Аляксандра Стокі OCD, адказнага за рэкалекцыйны дом пры мядзельскім кляштары кармэлітаў босых.

Другі тур святарскіх рэкалекцый для духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдзе з 26 па 28 верасня ў цэнтры Caritas у Ляскоўцы, што пад Мінскам.

Духоўныя практыкаванні правядзе айцец Аркадзь Куляха OCD з Гудагая.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа