У першым восеньскім нумары часопіса «Ave Maria» асаблівая ўвага звернута на культ Маці Божай з Ля-Салет.
Як адзначаецца ў анонсе новага нумара, змешчаным на сайце часопіса ave-maria.by, гэтыя марыйныя аб’яўленні адбываліся ў Францыі ў 1846 годзе. З новага нумара часопіса можна больш даведацца і пра самі аб’яўленні, і пра супольнасці і місіі, якія ўзніклі ў Каталіцкім Касцёле дзякуючы ім.
На вокладцы часопіса пзмешчана Літанія да Маці Божай з Ля-Салет.
Удзельнікі супольнасці Апостальства Салятынскай Сям’і ў Мінску Алена Русецкая, Вікторыя Амбражэй і Вадзім Бачкоўскі падрабязна распавялі пра гісторыю аб’яўленняў і дзейнасць сваёй супольнасці, падзяліліся асабістымі сведчаннямі.
Кранальнымі сведчаннямі дзеяння Маці Божай у сваім жыцці дзеляцца таксама ксёндз Андрэй Бочар МS, які належыць да супольнасці айцоў салятынаў і працуе ў вёсцы Далёкія, што на Браслаўскіх азёрах, і сястра Івона Юзэфяк OCV з польскага горада Дэмбовец.
У гэтым нумары часопіса «Ave Maria» пачынаецца новая рубрыка «Старонка касцёльнага суддзі», прысвечаная юрыдычным прадпісанням Касцёла адносна розных аспектаў жыцця вернікаў.
Яе будзе весці ксёндз Кірыл Бардонаў. Першы матэрыял рубрыкі прысвечаны абавязкам хросных бацькоў.
Ксёндз Андрэй Рылка ў традыцыйнай рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» тлумачыць, ці варта веруючаму чалавеку звяртаць увагу на свае сны.
Айцец Юрый Кулай OCD у рубрыцы «Школа малітвы» разважае пра тое, чаму няма прарока ў сваёй айчыне.
Галіна Калевіч падрыхтавала вельмі чулае і глыбокае інтэрв’ю з Марыяй Леанардаўнай Руткоўскай, адной з першых і найстарэйшых легіянерак Марыі ў Беларусі. Інтэрв’ю публікуецца з нагоды яе 85-годдзя.
Пра місіі, якія прайшлі ў парафіі Mаці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, распавядае Марыя Мяжэвіч.
Віктар Ведзень працягвае распавядаць пра аўтамабільную пілігрымку ўздоўж межаў Беларусі з найбольш шанаванымі абразамі Маці Божай з беларускіх санктуарыяў. Гэтым разам ён прапануе чытачам завітаць у Шэметава, Засвір і Свір.
Рэдакцыя рэгулярна публікуе на старонках часопіса водгукі чытачоў і запрашае ахвотных пісаць і дзяліцца сваімі думкамі і сведчаннямі. Гэтым разам змешчаны ліст Антаніны Святохі з парафіі святога Юзафа ў Маладзечне.
Айцы дамінікане сардэчна запрашаюць усіх на Ружанцовы кангрэс, які пройдзе ў Магілёве 1 кастрычніка пад дэвізам: «Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання».
Рэгістрацыя абавязковая. Арганізатары кангрэсу просяць паведаміць пра свой удзел у ім да 25 верасня.